Памыцца і папарыцца калі няма вады

| Без катэгорыі

 

Калі спосабы памыцца пры адсутнасці гарачай вады ў гарадзенцаў даўно адпрацаваныя (тазікі з нагрэтай на пліце вадой, душ у знаёмых з іншага раёна горада і г.д.), то аматарам саўны і басейна зараз даводзіцца няпроста.

 

Карэспандэнт “Твайго стылю” разведаў месцы, дзе гарадзенцы могуць зараз скарыстацца саўнай ды басейнам.

 

Басейны. Басейн у аквапарку не будзе працаваць да 30 ліпеня. Да верасня не будзе працаваць басейн у Доме творчасці дзяцей і моладзі (былы палац піянераў). Да 15 верасня не будзе працаваць і басейн у лазні на вул. Болдзіна. Таму трэба шукаць альтэрнатыўныя месцы.

 

Гэта найперш басейн санаторыя “Хімвалакно”. Кошт за адзін 45-хвіліны сеанс (з наведваннем саўны ўключна) складае тут 25.000 (дзіцячы квіток – 12.500). Басейн даволі малы (тры 25-мятровыя дарожкі). Ёсць невялікі дзіцячы басейн з цёплай вадой. У суботу, калі мы спраўджвалі сітуацыю “на месцы”, колькасць наведвальнікаў была невялікай – 15-20 чалавек.

Басейн у санаторыі “Хімвалакно”

 

Запасным варыянтам у час адключэння вады ў мінулыя гады быў басейн “Лазурны”, але зараз нам тут паведамілі: “Мы на ремонте… навечно!”.

 

Саўна. Акрамя агульнай у санаторыі “Хімвалакно” ёсць і асобная саўна, якую трэба замаўляць заранёў. Яе кошт складае 102 000 руб.

 

Саўну на 8 месцаў можна замовіць і ў лазні на вул. Хімікаў. Задавальненне абыйдзецца ў 250.000. Дарэчы, пасля закрыцця лазні на вул. Цітова і часовага спынення працы лазні на вул. Болдзіна, лазня на вул. Хімікаў застаецца для гарадзенцаў ці не адзіным агульнадаступным месцам, дзе можна памыцца і папарыцца па досыць дэмакратычных коштах (саўна на 8 месцаў каштуе 250 000, наведванне агульнага аддзялення – 10 000).

 

Прапановы папарыцца ёсць і ў гаспадароў некалькіх аграсядзіб у ваколіцах Гродна. Да прыкладу, гаспадар такой саўны ў пасёлку Берагавы просіць за трохгадзінны сеанс 680.000. Яго лазня можа прыняць адначасова кампанію з 12 чалавек. Такая паслуга, як СПА, на двух чалавек каштуе тут 400.000 за дзве гадзіны.

 

Аграсядзіба ў Азёрах “Хата Магната” прапануе папарыцца невялікай кампаніі ў пятніцу за 150.000, у суботу за 170.000, а ў нядзелю за 130.000 за суткі.

 

Некаторыя СПА-салоны ў горадзе ў якасці альтэрнатывы саўне прапануюць пагрэць костачкі ў адмысловых бочках. Так, у гіпермаркеце АЛМІ такая паслуга каштуе 50 000 з чалавека за гадзіну. Паслугу трэба замаўляць заранёў. Мы патрапілі ў СПА-салон каля 15.00, але “бочку” нам паабяцалі толькі пасля 19.00, бо на месцы не было чалавека, які займаецца такой працэдурай. Праўда, можна было дамовіцца пра тое, каб скарыстацца толькі душам.

 

Такім чынам, выбар месца, дзе можна зараз папарыцца ды паплаваць, ды яшчэ і памыцца, калі ў кватэры няма гарачай вады, хай і не вялікі, але ёсць. Ды і гарачую ваду абяцаюць уключыць ужо хутка.

 

Глядзіце нашу інтэрактыўную мапу месцаў, дзе можна памыцца, папарыцца ды паплаваць.