Шыла на мыла: пакупнік піша пра новы “Белмаркет” на Дамброўскага
Не сакрэт, што за рынак рытэйла ў Гродне змагаюцца буйныя кампаніі: “Еўраопт”, “Алмі”, “Белмаркет”. За апошні час было пабудавана нямала гіпермаркетаў, дайшла чарга і да крам крокавай дасяжнасці. І калі не глядзець з патрыятычнага пункту гледжання на ўласнікаў гэтых гандлёвых аб’ектаў (большасць з іх не беларусы), то можна лічыць, што пакупнікам толькі пашчасціць, калі “саўковыя” крамы саступяць месца маркетам з рознымі прыстаўкамі.
“Заходні” і “Вікторыя 2000”
На гэта разлічвала і я, даведаўшыся, што наш “Фенікс” зачынены і на яго месца павінен прыйсці “Белмаркет”. Справа ў тым, што жыхарам вуліцы Дамброўскага не вельмі пашанцавала з крамамі. Пачынаючы ад кальца Фартоў, дзе знаходзіцца “Вікторыя” (Дамброўскага, 3, раней належала калгасу Крэмко, а зараз “Купалінцы”), і сканчаючы “Расінкай” (Дамброўскага, 63), усе крамы – спалучэнне малых памяшканняў, малога асартыменту, адсутнасці сэрвісу з наяўнасцю дрэннага густу. Некаторыя назвы наогул нагадваюць сцёб: “Заходні” (Дамброўскага, 31) альбо “Вікторыя 2000” (Дамброўскага, 47, месціцца разам з аптэкай).
Дарэчы, самая неверагодная для ХХI стагоддзя крама, на мой погляд, схаваная за гаражамі каля гімназіі №5. Калі яшчэ там не былі – раю адшукаць і наведаць: такое відовішча зрэдку нават у “сельпо” можна знайсці – нечым нагадвае цёмны склеп з водарам савецкай крамы. Шчыра кажучы, яна хіба магла б узначаліць топ самых дрэнных у горадзе.
Паўгода жыхары вуліцы чакалі адкрыцця “Белмаркета”, выведвалі інфармацыю ў прадаўцоў з суседняга шапіка, і нарэшце дачакаліся.
“Чаму кінулі касу?”
На экскурсію і за прысмакамі я вырашыла схадзіць на наступны дзень пасля адкрыцця. Спачатку, каб узважыць садавіну, я прастаяла дзесяць хвілін каля вагі. Не катастрафічна, але і непрыемна. Выратаваў мяне ахоўнік, які сам (!) узважыў тавар. Цікава, гэта і праўда ўваходзіць у яго абавязкі?
Іду далей у бакалейны аддзел, на крык: “Вы што з глузду з’ехалі, чаму кінулі касу?” азіраюся – намесніца загадчыцы крамы, сталая жанчына, выхоўвае прадаўца. Пакуль выбіраю крупу і іншае, галавамойка цягнецца пяць хвілін. За гэты час даведваюся пра нялёгкую працу прадаўца: ні на абед, ні ў прыбіральню. У рэшце рэшт, кіраўніцтва дае дабро – касір ідзе есці.
Дзесяць крокаў і я пакідаю поле бітвы, апынуўшыся ў хлебным аддзеле, трапляю у віхур новай драмы – няшчасны таваравед вымушаны займацца выкладкай тавару, а ёй так хочацца сядзець у кабінеце і займацца сваімі справамі, аб чым яна паведамляе ці то знаёмай па тэлефоне, ці то непасрэдна булкам. Я ўжо і сама гатова была паспачуваць небарацы, калі б не звярнула ўвагу на асартымент: ўсё выключна гроднахлебапромаўскае і ўсё “драўлянае”. А як жа ўласная вытворчаць “Белмаркета”? Ці так далёка яе прывесці з “Кароны”? На машыне – тры хвіліны! Збягаю і адтуль.
Па рэцэпце 1948 году…
Падняць настрой вырашаю марозівам. Цудоўны асартымент: ажно тры віды, два з якіх – расійскага вытворцы (з Белгарада), праўда… па рацэпце 1948 года! Расчараванне змянілася жахам, калі мой позірк патрапіў на падлогу. Бруд, які застаўся яшчэ з часоў папярэдняй крамы, уражвае: па чорных слядах можна зразумець, дзе стаялі халадзільнікі ў “Феніксе”. Пакінем гэта санстанцыі…
Мяне “дастала” і я хачу ўцячы, праўда, легальна – праз касу. Там чарга чалавек з дзесяці. Вядома і тут прыемнага мала: касір агрызаецца з пакупнікамі, пакуль не высвятляецца, што ў касе няма чым даць рэшты. Хутка становіцца зразумелым, што рэшты… няма ў краме ўвогуле! Такога я яшчэ не бачыла! І тут на маё шчасце адчынілася другая каса, дзе я разлічылася карткай і збегла.
Ніколі дагэтуль шопінг не надаваў мне столькі “асалоды”.
Усё ж найбліжэйшая
На працягу месяца ўсё ж прыходзілася наведваць новую краму – яна ж найбліжэйшая. За гэты час мяне “парадавалі” увечары поўнай адсутнасцю чаго-небудзь белага на сняданак. Перцам, з этыкеткі якога я ўжо дома даведалася, што гэта ананас. Адсутнасцю ахалоджанай мясной прадукцыі. А сёння – падрабязным аповедам пра карпаратыў (чытай п’янку) у наступную нядзелю з дакладным разлікам, хто ж колькі “стопарей” гарэлкі вып’е. Яшчэ агідней было, што ў гэтым абмеркаванні прыймала ўдзел і маладзейшая намесніца загадчыцы крамы, зусім не саромечыся пакупнікоў.
Вось і думаю, ці то “шыла на мыла”, ці то “ў які кітлік свінню не апранай”…