Андрэй Лянкевіч: “З гэтай паганскай выставай заўсёды так – ці залева, ці град”

|

На чорна-белых, амаль графічных фотаздымках – бабулі, старыя могілкі, абразы, вышыванкі. Усё тое, што часта здаецца простым і паўсядзённым. Мы нават не ўяўляем (ды і не задумваемся) наколькі шмат старадаўняга, яшчэ паганскага захвалася ў нашай культуры. Усе гэтыя забабоны, прымаўкі ды абрады. І ўсё гэта ёсць на фотаздымках Андрэя Лянкевіча. Быццам бы простае, але з іншага боку – экзатычнае. Нават для нас, а што казаць пра замежнікаў, якія бачаць гэтыя здымкі.

Фотаздымкі, як аказалася, выстаўляюцца першы раз не толькі ў нашым горадзе, але і ў Беларусі. Выстава прыехала да нас пасля Германіі, Латвіі, Польшчы, Лаосу, ЗША, Швецыі ды Францыі. У Гродне на адкрыццё выставы прыйшло няшмат людзей. На гэты конт аўтар заўважыў:

 

“Паганства! З ім заўсёды так: мантуем у Беластоку – ідзе дождж, робім інтэрв’ю на радыё – такі град б’е ў вокны, што размаўляць цяжка. Але дождж хутка скончыцца. Як адкрыем выставу”.

 

Сапраўды, за вокнамі цёмныя хмары зацягвалі неба, маланкі, гром ды нарэшце хлынуў сапраўдны летні дождж.

Прадстаўляючы выставу, Андрэй вельмі хваляваўся, адзначаючы, што гэтая падзея значна важнейшая для яго, чым выставы ў іншых гарадах і краінах. Прычын некалькі: Гродна – гэта родны горад фатографа, а па-другое, у залі сабраліся ўсе родныя і блізкія. А яшчэ ў гэтыя дні бацьку Андрэя споўнілася б 70 гадоў.

 

“Гэтая выстава – своеасаблівы падарунак для яго. Хоць і запознены. Але маю надзею, што ён усё бачыць, прымае гэты падарунак і вельмі ганарыцца”.

Тэма паганства для персанальнай выставы выбрана невыпадкова. Менавіта язычніцтва ўплывала на развіццё цывілізацыі амаль дваццаць тысячагоддзяў і, канешне, усё яшчэ прысутнічае ў нашым жыцці. Варта ўспомніць хаця б розныя забабоны: паглядзець у люстэрка, калі вяртаешся дахаты, выйсці на перакрыжаванне, або чырвоны кут у амаль любой хаце.

На Беларусі ёсць унікальныя мясціны, дзе своесаблівая культура ды даўнія традыцыі захаваліся амаль у першародным выглядзе. Напрыклад, на Палессі. На жаль, вельмі шмат традыцый не дайшло да нашых часоў. Яны зніклі ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, ды працягваюць знікаць зараз.

У фотаздымках Андрэя Лянкевіча час нібыта застыў. Здаецца, што ў іх адлюстраваныя не сённяшнія дні, а тыя даўнія, дахрысціянскія часы.

 

“Гэта мой суб’ектыўны погляд на жыццё і адказ, перш за ўсё для сябе, што такое Беларусь, хто такія беларусы”, – кажа пра выставу Андрэй Лянкевіч.

Наведаць выставу трэба абавязкова. Паразглядаць кожны з чорна-белых, на першы погляд невыразных, замыленых, расфакусаваных здымкаў. Пажадана з нейкай даўняй музыкай, дзе выразна гучыць варган, у навушніках.

 

Выстава будзе працаваць яшчэ два тыдні.

 

Здымкі Яна Лялевіча