Ці магчымыя візавыя ільготы: меркаванне маладых беларусаў

Мы апыталі маладых беларусаў з розных гарадоў краіны, каб спраўдзіць, ці спадзяюцца яны на тое, што атрымаць шэнгенскія візы ў Беларусі ў блізкай перспектыве будзе лягчэй.

 

Ягор, Віцебск, студэнт, музыка:

 

На мой погляд, калі грамадзяне нашай дзяржавы хочуць наведаць Еўропу, то робяць гэта.

 

Так, часам сустракаюцца непераадольныя бар’еры. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Я ўпэўнены, што тыя, хто наведвае краіны Еўрасаюза дзеля супермаркетаў, не павінны шкадаваць грошай на візы.

Даша, Слуцк, студэнтка:

На мой погляд, калі з боку чалавека, які падае дакументы на візу, падрыхтаваныя ўсе неабходныя дакументы, ён не парушыў закон і на яго не накладаюцца санкцыі, то ён мае права на атрыманне шэнгенскай візы.

 

Калі беларускі ўрад пачне больш цеснае палітычнае партнёрства  з ЕС, то, магчыма, кошты на візы зменшацца. Але для такога супрацоўніцтва з боку ўраду павінны быць выкананыя ўсе неабходныя патрабаванні ЕC. У тым ліку – вызваленне палітвязняў.

 

Алёна, Брэст, студэнтка:

 

Мне падаецца, што калі я выкажу сваё меркаванне, то мяне адсочыць КДБ, і мяне потым не выпусцяць з краіны.

Дзеяніра, студэнтка МДТУ ім. Баўмана (Масква):


Калі шчыра, я ўвогуле не ўяўляю, чаму Еўрасаюз павінен знізіць у бліжэйшы час кошты на візы для беларусаў.

 

Вось калі б мы гэта якім-небудзь чынам заслужылі – іншае пытанне. Можа, я чаго не ведаю?

 

 

Руслан Кулевіч, спартыўны аглядальнік інтэрнэт-выдання “Твой стыль”, “Всё о Футболе”, ФК “Нёман”, прэс-аташэ руху “Grodno Reds” (фан-клуб футбольнага “Манчэстэр Юнайтэд”):

 

Мы, беларусы, лічымся еўрапейскай нацыяй, але, каб патрапіць у Заходнюю Еўропу, нам трэба прайсці праз вялікую колькасць перашкод.

Верыць, вядома, можна, што ЕС спросціць візавы рэжым. Але… калі гэта будзе, яшчэ не вядома. Але ўсё ж прыйдзе час перамен.  Я, як фанат адной з еўрапейскіх каманд, веру, што змагу лягчэй патрапіць на чарговы матч сваёй любімай каманды.

 

Вядома, хочацца каб усё спрасцілі, нам не патрэбныя візавыя праблемы. Мы хочам ездзіць у Еўропу, як еўрапейцы. Я думаю, кожны малады чалавек у нас у горадзе падтрымае мяне.

Алесь Будзіла, Гродна, студэнт:


Я спадзяюся, што Беларусь аб’яднаецца з Еўропай, бо мы гэтага заслугоўваем гістарычна і геаграфічна.

 

Я думаю, што ў хуткім часе хлопцы, якія кіруюць міжнароднымі адносінамі ў Еўрасаюзе, задумаюцца над гэтым і спросцяць рэгістрацыю на візы.

 

Альбо ўвядуць безвізавы рэжым з Беларуссю (што наўрадці атрымаецца, бо “Крамлёўскія гаспадары” не дадуць нам свайго барскага дазволу).

 

Ганка Урбановіч, каардынатарка міжнародных моладзевых праграм ГА “Цэнтр “Трэці сектар”, Гродна:

 

Не веру ў тое, што ў бліжэйшы час візы паменшацца ў кошце ці ўвогуле стануць бясплатнымі. На цяперашні момант, на мой поглад, назіраецца толькі пагаршэнне візавых адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

 

Пытанне нават не ў высокіх коштах на самі візы, а ў тым, што цяпер проста зарэгістравацца на падачу дакументаў у консульства самастойна амаль немагчыма – за дапамогай беларусы вымушаны звяртацца ў турагенцтвы ці да нелегальных пасярэднікаў.

 

А за іх паслугі плацяць грошы, у разы большыя за кошт самой візы.

 

Думаю, і складаныя палітычныя адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам таксама не спрыяюць паляпшэнню візавых пытанняў.


Наташа, Мінск, студэнтка:

 

Еўрапейскія парламентарыі неаднаразова выказваліся наконт важнасці адмены віз і зніжэння іх кошту для беларусаў. Аднак, не ўсім вядома, што гэты працэс двухбаковы і патрабуе пэўных дзеянняў з боку беларускіх уладаў. Я лічу, што пакуль не будзе зацікаўленнасці з боку дзяржаўных структураў у Беларусі, гэтае пытанне застанецца на стадыі абмеркавання.

 

З другога боку, па статыстыцы Беларусь займае першае месца па выдадзеных Шэнгенскіх візах. Гэта дае надзею на тое, што візавы бар’ер для многіх грамадзян вырашальны.

 

Кацярына, Магілёў, студэнтка:


Не, не веру, таму што, па-першае, адмена візавага рэжыму немагчыма па палітычных прычынах.

 

Па-другое, варта адзначыць, што атрыманне візаў у Беларусі з’яўляецца праблематычным.

 

Але самым галоўным фактарам будзе з’яўляцца тое, што змены ў візавым рэжыме магчымы толькі пры змене палітынай сітуацыі ў Беларусі.