Навучанне ў гарадзенскіх ВНУ зноў падаражае
Новыя кошты на навучанне ўсталюцца з 1 верасня. Студэнты будуць вымушаны плаціць на 20% болей, чым ў навучальным годзе 2012-2013, – паведаміў прадстаўнік міністэрства адукацыі Сяргей Раманюк.
Кошты на навучанне кожная ВНУ ўсталёўвае сама, у залежнасці ад розных фактараў (ад формы навучання і курсу: так, на першым курсе навучанне можа каштаваць даражэй, чым на 2-4 і таней, чым на 5).
Цікавы той факт, што пры павышэнні аплаты з новага навучальнага году для тых, хто навучаецца ўжо не першы год, кошты таксама растуць. Для прыкладу, у ЕГУ (Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які месціцца ў Вільні) новыя кошты ўсталёўваюцца толькі для першакурснікаў, астатнія аплачваюць вучобу па тых тарыфах, на якія першапачаткова паступілі.
Найбольш дарагі ў Гродне факультэт – лячэбная справа, – знаходзіцца ў медыцынскім універсітэце. З 1 верасня навучанне за год тут будзе каштаваць 16 150 000 млн. (у 2011 годзе навучанне тут каштавала 6 500 000 млн., а ў 2012 – 13 460 000). Самая танная спецыяльнасць у медыцынскім – медыка-дыягнастычная справа, – каштуе 15 460 000 млн. за год на дзённым аддзяленні.
ГрДзУ ім. Янкі Купалы прапануе даволі шырокі выбар спецыяльнасцяў, кошты якіх вагаюцца ад 13 140 000 млн. да 15 540 000 млн. Самы дарагі факультэт універсітэту (15 540 000 млн) – тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (аўтатранспарт агульнага і асабістага карыстання). Навучанне на дадзенай спецыяльнасці ў пачатку 2012 года каштавала 8 828 000 млн.
Транспартная лагістыка ў купалаўскім універсітэце каштуе зараз 14 940 000 млн. за год. Журналістыка – 13 500 000 млн.
Прыватная адукацыйная ўстанова БІП- Інстытут правазнаўства, прапануе 8 спецыяльнасцяў. Навучанне на правазнаўстве каштуе тут 13 112 000 млн. Самая дарагая спецыяльнасць – міжнароднае права – 14 319 000 млн.
Аграрны ўніверсітэт – самы танны ўніверсітэт Гродна. Тут кошты вагаюцца ад 9 537 400 млн. да 7 615 100 млн. (заатэхнія).
Па росце коштаў на адукацыю Беларусь у апошнія гады нашмат апярэджвае ўсе еўрапейскія краіны.