“Нёман” прайграў у гасцёх “Шахцёру”
У першым тайме гульні ў Салігорску гарадзенцы спрабавалі навязаць лідэру чэмпіянату сваю гульню.
Сяргей Саладоўнікаў выставіў у аснове адразу чатырох гульцоў атакуючага складу – Андрэя Лясюка, Нікаласа Сеаліна, якому дасталося нядаўна завочна ад Сямёна Шапіры, Паўла Савіцкага ды навабранца Ягора Зубовіча. У цэнтры паўабароны выйшаў яшчэ адзін дэбютант каманды – дасведчаны камерунец Эсамэ.
Момантамі каманда глядзелася цалкам нядрэнна. Пасля ўдара Сеаліна брамнік “Шахцёра” з цяжкасцю дастаў мяч з-пад папярэчыны.
На гэты момант лік ужо быў 1-0 на карысць гаспадароў, якія ўдала скарысталіся кутнім.
У пачатку другога тайму гарнякі забілі яшчэ раз і “Нёман” панік канчаткова. За ўвесь другі тайм у каманды толкам не атрымалася аніводная атака, а адзіны трапны ўдар па браме здзейсніў Павал Савіцкі ўжо ў дададзены час.
А вось гульцы “Шахцёра” маглі забіць яшчэ некалькі разоў, але гарадзенцаў ратаваў Сяргей Чэрнік.
Пасля паразы ў Салігорску “Нёман” застаўся на 8-м месцы турнірнай табліцы. Наперадзе ў каманды дзве хатнія сустрэчы (“Гомель” і “Дынама-Мінск”) і гульня ў гасцёх супраць жодзінскага “Тарпеда-БелАЗ”, ад якога гарадзенцы адстаюць пакуль на адно ачко.
4 жніўня. “Шахцёр” – “Нёман” 2:0 (Таіна Сора, 11 хв., Дзмітрый Асіпенка, 53 хв.)
На здымку: Сяргей Чэрнік уратаваў каманду ад буйной паразы.
Фота: Пётр Карнаух, fcshakhter.by