Скончылася першае слуханне па аварыі ля Каробчыц
31 траўня муж з жонкай на “Пежо-406” вярталіся дамоў і не даехалі 650 метраў. Каля Каробчыц нечакана ім насустрач выехала “Таёта”, якой кіравала нецвярозая жанчына. Утрыманне алкаголя ў крыві складала 2,14 праміле. Пры лабавым сутыкненні сужонкі загінулі на месцы.
Жанчына згодная з абвінавачваннем у адказнасці за знаходжанне за рулём ў стане алкагольнага ап’янення, аднак адмаўляецца ад сваёй віны ў ДТЗ.
Яна сцвярджае, што гэта Пежо выехаў на сустрэчную паласу, а не яна. Эксперты выявілі, што сутыкненне адбылося на паласе, па якой рухаўся Пежо, а кіроўца Таёты перад аварыяй не знізіла хуткасць і не змяніла накірунак руху.
Следства выявіла, што абвінавачаная неаднаразова раней парушала хуткасны рэжым. Сама яна запэўнівае, што гэтым разам ехала з хуткасцю 40-50 кіламетраў у гадзіну. Сын памерлых сужонкаў сказаў, што аўтамабіль бацькоў знаходзіўся ў тэхнічна спраўным стане.
Па здарэнні узбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 317 КК РБ. “Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх або больш асобаў”.
Па гэтым артыкуле жанчыне пагражае кара пазбаўлення свабоды на тэрмін ад трох да сямі год.
Здымак gaigrodno.by