Гарадзенскія філатэлісты: падарожжа на выставу праз святую гару

Каб даехаць з Гродна да Чарэмхі, прыйшлося рабіць некалькі перасадак: з Гродна да Кузніцы, затым з Кузніцы да Беластока. З Беластоку нас (трох дзетак і чатырох дарослых) амаль дзве гадзіны везлі бусам праз маленькія вёсачкі ў Чарэмху.

Па дарозе мы сустрэлі шмат цікавых рэчаў. Сярод іх былі назвы населеных пунктаў Падляшша, зробленыя на дзвюх мовах: па-польску і па-беларуску (ці, наогул, па-мясцоваму, звярніце ўвагу на надпіс “Рыгороўцы”).

Святая гара Грабарка, што месціцца каля самой мяжы, стала адным з цікавейшых месцаў нашай паездкі. Такой колькасці крыжоў, якія людзі прынеслі сюды ў час сваіх пілігрымак, я яшчэ ў сваім жыцці не бачыў.

Крыжы ад эсперантыстаў і ад расейскага патрыярха, ад простых жыхароў і ад вялікіх людзей. Амаль гадзіну мы блукалі па гэтай гары, а спусціўшыся з яе, папілі вады з крыніцы.

 

Непадалёк ад Грабаркі стаяць вялізныя рэзервуары нафтаправоду “Дружба”, пабудаванага яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Іх аб’ёмы вельмі ўражваюць.

 

Праз 30 кіламетраў нас чакала Чарэмха, дзе на выставе сярод 47 калекцый 14 былі з Беларусі. Гарадзеншчыну таксама прадстаўлялі на выставе два суддзі: Фрыдэрык Гушча і Андрэй Мялешка, які быў на выставе ў якасці аспіранта.

За два дні трэба было не толькі праглядзець працы канкурсантаў, але зрабіць заўвагі, што трэба змяніць і дапрацаваць у будучыні.

Уразіла, што да выстаў у Польшчы вельмі сур’ёзны падыход, вялікая колькасць спонсараў і прызоў. І як вынік выставы – большасць прызоў за першыя месцы павезлі сабе дадому беларусы.

 

Фота аўтара