Ці можа стаць турыстычным аб’ектам гарадзенская тэлевежа?

|

Як кажуць спецыялісты, гарадзенская вежа – адна з самых складаных па канструкцыі ў былым Савецкім Саюзе. Сапраўды, такіх у свеце існуе яшчэ толькі дзве: у Віцебску і ў горадзе Астара, што ў Азербайджане.

Здаецца, што яна мае ўсе магчымасці стаць яшчэ адным, вельмі адметным турыстычным аб’ектам у нашым горадзе. Досвед іншых краін і гарадскіх тэлевізійных вежаў можа быць прыкладам.

 

Далека хадзіць не трэба. Тэлевізійная вежа ў Таліне мае вышыню 314 метраў. З яе адкрываецца сапраўды ўнікальны від. Унізе – муугаскія лясы, у далечыні можна ўбачыць Стары горад, а ўвечары – нават ліхтары Хельсінкаў!

На 22 паверсе вежы прапануюць вельмі экстрэмальны атракцыён – тут можна прайсціся па самым краю канструкцыі. А гэта 175 метраў над зямлёй! Канешне, удзельнікі прысцёгваюцца для бяспекі лонжамі, а калі яны знаходзяяцца на вышыні іх фатаграфуюць. Фотаздымкі потым можна атрымаць па электронай пошце. Каштуе ўся забава 20 еўра з чалавека, а для групы з чатырох чалавек – 60 еўра.

Увогуле, талінская вежа – гэта сапраўдны турыстычны аб’ект, куды квіткі можна набыць анлайн, схадзіць на экскурсію, на адмысловым сайце можна прачытаць пра гісторыю вежы.

 

Вядома, нашая па выглядзе і па праекце адрозніваецца ад сваёй эстонскай суседкі, але разглядаючы фотаздымкі можна ўпэўніцца, што турыстычна патэнцыял у яе ёсць.

Як, напрыклад, у тэлевежы ў Рызе. Там, як і ў нашым горадзе, тэлевышка не проста выконвае свае прамыя тэхнічныя функцыі, але з’яўляецца вядомым вертыкальным акцэнтам у гарадскім пейзажы, яна праглядаецца амаль з усіх куткоў латвійскай сталіцы. Згадзіцеся, у Гродне – тое ж самае.

Аднак, нашыя латвійскія суседзі распрацавалі канцэпцыю рэканструкцыі вежы ды добраўпарадкавання яе наваколля, каб зрабіць з яе сапраўдны турыстычны аб’ект. Гэта будзе тое месца, дзе ўсе ахвотныя змогуць аглядаць Рыгу з вышыні птушынага палёту. Пакуль жа для экскурсантаў даступная толькі аглядальная пляцоўка на вышыні 97 метраў. Аднак і з яе можна пры добрым надвор’і разглядзець панараму Рыгі, а таксама Рыжскі заліў з маленькімі кропачкамі – караблямі. Відок проста захапляльны.

 

Такіх прыкладаў вельмі шмат. Турыстам трэба нешта новае, крэатыўнае, што прымусіць захапляцца і пакіне незабыўныя ўражанні. Проста Старым горадам нікога ўжо не здзівіш, і нават колькасцю кавярняў і цікавых месцаў – таксама. Тым больш, у  нашым горадзе і з першымі, і з другім сітуацыя вельмі напружаная. Добра, што архітэктура пакуль захавалася. Але тут таксама трэба ўносіць нейкі крэатыў для таго, каб зацікавіць патэнцыйных турыстаў. Вежа акурат можа даць такую магчымасць.

У нас, канешне, мора няма, але ўсё адно ёсць на што паглядзець. Тым больш, у хуткім часе ўсе тэлебачанне пераводзіцца ў лічбавы фармат і можа так здарыцца, што праз нейкі час тэлевежа стане непатрэбная.

 

Тэхналогіі не стаяць на месцы. Можа ўжо зараз варта паспрабаваць распрацаваць нейкую праграму пра ўключэнне яе ў турыстычныя маршруты? Канешне, усё гэта вельмі складана і можа апынуцца, што яна зусім не падыходзіць для цікавага турыстычнага аб’екта. Аднак, можа быць трэба трохі прыглядзецца да яе? І яна стане яшчэ адной разынкай нашага горада.

 

Здымкі vgr.by, rus.err.ee, russian.estonia.usembassy.gov, flickr.com, wikimapia.org