Залезлі на дачу па-джэнтэльменску

|

“Цябе сумленны чалавек абрабаваў, а мяне бандыт!” – памятаеце гэтую крылатую фразу з савецкага кінахіта “Вяселле ў Малінаўцы”? Вось і я ў нядзелю сустрэлася з нечым падобным.

 

На лецішчы нехта быў – гэта я зразумела амаль адразу. Шмат бруднага посуду, раскіданыя па стале ягады, адсутнічае шыба, газавая пліта накрытая чамусці рушніком. Але ва ўсім гэтым не было прыкметаў аніякага вандалізму, ці нават хуліганства. Хутчэй – вячэра на хуткую руку.

 

Памідоры ў міску, смецце ў пакет… парадак!

 

Яйкі смажыліся на чыгуннай патэльні, пяльмені варыліся ў літровым коўшыку, макароны ў рондлі. Для прыгатавання яек выкарыстоўвалася лапатка, якая была пакладзена на талерку, відаць каб тлушч не запэцкаў сталешніцы. Сметніцу злачынцы не знайшлі, таму шкарлупкі, пакунак ад пяльменяў, пачкі ад маянэзу былі акуратна пакладзены ў пакецік з-пад макаронаў, а не раскіданыя па падлозе. Шыба была не выбіта, а па-гаспадарску знята, памідоры, што даспявалі на падваконні, складзеныя ў міску…

 

Завіталі амаль у кожны дом

 

Тэлевізар, імбрык, манітор, нават гарэлка, што стаяла ў лядоўні, засталіся на сваіх месцах. Знік хіба пачак італьянскай кавы, набор польскай гарбаты ў пакеціках (падарунак сябра), паўпачкі пяльменяў і макарон, маянэз і тры яйкі.

 

З размовы з суседкай я зразумела, што “госці” былі не толькі ў мяне. Злачынцы прайшліся па нашай вуліцы і пагасцявалі амаль у кожным доме. Праўда, у суседзяў яны ўжо не паводзілі сябе так па-джэнтэльменску: шыбы былі пабітыя. Затое ва ўсіх выпадках злодзеяў цікавіла толькі ежа: у суседскай цяпліцы паздымалі нават зялёныя памідоры (а маіх не ўзялі наогул).

 

Падзяка: нож на стале

 

Падобныя здарэнні бывалі ў нас і раней, але звычайна не ўлетку – баяліся. Кралі каштоўныя рэчы, адзенне, коўдры, прылады працы. Білі шыбы, посуд, ламалі мэблю, шукалі алкаголь. Але ніколі не рабілі імправізаваныя сметніцы, не складвалі памідоры ў міску, не лазілі праз вельмі вузкую шыбу (а маглі выбіць вялікае шкло), не карысталіся газам.

 

Гэтым разам “шляхетны” злодзей хіба не разлічыўся за вячэру, хаця… На стале я знайшла чужы нож, які зараз з усмешкай разглядаю як маральную кампенсацыю. Вось я і думаю: ці то мяне культурны чалавек абрабаваў, ці тое новая генерацыя злачынцаў з’явілася? А можа, як у вядомым анекдоце, “так і трэба”?

 

Здымак lovedacha.ru

 

     
 

Ад рэдакцыі ТС:


А вашу дачу абкрадалі злодзеі? Ці можна з гэтым змагацца? Што б вы зрабілі, каб сустрэлі “госця” на гарачым? Чакаем на каментары пад артыкулам!