Смеццевая рэвалюцыя ў Польшчы: карысныя змены прывялі да хаосу?

1 ліпеня 2013 у польскіх гарадах павінна была пачацца сапраўдная “смеццевая рэвалюцыя”, сэнс якой – у абавязковым сартаванні смецця. Але добра ідэя чамусці не працуе так, як трэба. “Рэвалюцыя” ператварылася ў “смеццевы хаос”.

 

З 1 ліпеня палякі павінны сартаваць сваё смецце і выкідаць яго ў адмысловыя кантэйнеры. Гэты падыход адпавядае законам Еўрасаюза, якія ў шматлікіх сферах жыцця маюць ужо ў Польшчы прыярытэт над нацыянальным заканадаўствам. Падобная сістэма сартавання смецця, напрыклад, ужо шмат год паспяхова выкарыстоўваецца ў Нямеччыне.

 

Такім чынам, у мікрараёнах Беластока павінны былі з’явіцца вялікія кантэйнеры для змяшанага смецця і некалькі малых, каб аддзяляць шкло, пластык, метал і паперу. Абавязковым, паводле закону, ёсць толькі аддзяленне шкла ад рэшты смецця. Паперу, пластык і метал аддзяляць можна, але гэта не абавязкова.

 

Акрамя таго, фірмы, што вывозяць смецце, мусілі быць абраныя шляхам тэндара. То бок, можна казаць пра прыватызацыю часткі камунальных паслуг. Ці быў гэта добры крок – адназначна сказаць нельга. Цяпер гараджане скардзяцца на тое, што прыватныя фірмы вывозяць смецце занадта рэдка – ледзь не раз у месяц. Зразумела, у мэтах эканоміі.

 

Планавалася, што тарыфы на вываз смецця вырастуць, але той, хто задэкларуе сартаванне смецця, будзе ўсё роўна плаціць менш. Гэта мела быць галоўным аргументам для тых, каго экалагічныя праблемы цікавяць менш. Як і чакалася, аплаты выраслі, а вось якасць паслуг, наадварот – знізілася. Да таго ж, розніца ў тарыфах для тых хто сартуе і тых хто не сартуе смецце – занадта малая.

 

Кантэйнеры для змяшанага смецця паставілі ўжо амаль усюды, але ёсць праблемы з кантэйнерамі для адсартаванага смецця. Паколькі асобныя сметніцы для металу, пластмасы і паперы не абавязковыя, фірмы не хочуць іх ставіць за свой кошт. Адзіная магчымасць для фірмы зарабіць на гэтым – прадаваць пазней другасную сыравіну, але так склалася, што яе кошт сёлета моцна ўпаў. Калі год таму за тону пластыкавых бутэлек можна было атрымаць 2,8 тыс злотых, то зараз – толькі 1,4 – 1,7 тысяч. Каб дазволіць больш экалагічна свядомым беластачанам сартаваць смецце цалкам, горад будзе вымушаны аб’явіць яшчэ адзін тэндар і даплаціць фірмам.

 

Але нават там, дзе ўжо стаяць асобныя кантэйнеры для пеперы, шкла і пластмасы, здараецца, што ўсе тыпы смецця машына забірае разам. Атрымліваецца, што праца людзей па сартаванні смецця ў хаце не мае сэнсу, бо… горад не даплачвае фірмам за асобны вываз!

 

Кааператывы большасці мікрараёнаў Беластока з дапамогай вялікіх аб’яў нагадваюць жыхарам, што калі яны забавязаліся сартаваць смецце, каб у выніку плаціць менш, дык павінны выконваць абяцанні. Але гэта зрабіць няпроста, калі ані кантэйнераў, ані адмысловых каляровых пакетаў для розных тыпаў смецця табе проста не прывезлі.

 

Акрамя таго, многія жыхары сумняюцца, якое смецце ў які кантэйнер выкідаць. Напрыклад, толькі пад назвай “шкло” могуць хавацца розныя яго тыпы: слоікі, люстэркі, вокны, кінескопы… Варта было б больш інфармаваць грамадзян.

 

Яшчэ больш ускладніла сітуацыю тое, што розныя часткі горада дасталіся розным фірмам. Здаралася нават так, што да ўвядзення абавязковага сартавання ля дома стаялі кантэйнеры для чатырох тыпаў смецця, а пасля “смеццевай рэвалюцыі” раён пачала абслугоўваць іншая фірма, якая збірае толькі два тыпы.

 

З адной з кампаній, што выйграла тэндар на вываз смецця, ужо паспелі разарваць дамову. Гэта прывяло да хуткага з’яўлення ў дварах гор невывезенага смецця. Пачалі казаць, што кампаніі, якія перамаглі ў тэндары, працуюць кепска, бо за імі няма ніякага нагляду.

 

Незадаволеныя жыхары Беластока ўжо пачалі збіраць подпісы за тое, каб знізіць тарыфы на вываз смецця. Яны не могуць зразумець, чаму павінны плаціць цяпер больш за кепскае абслугоўванне, а да таго яшчэ і самі сартаваць смецце.

 

     
  А якой на ваш погляд павінна быць добрая сістэма збору і вывазу смецця? Ці падтрымліваеце вы запланаваную ў Беларусі адмову ад смеццяправодаў? Ці варта прыватызаваць грамадскія паслугі? Ці гатовыя вы сартаваць смецце? Чакаем на вашыя каментары.  
     

 

Здымак Andrzej Zgiet, poranny.pl