Касы гродзенскага аўтавакзала спынілі продаж білетаў на Вільню
Аўтобусы і маршруткі з Гродна на Друскенікі, Вільню і Коўна ходзяць праз памежны пункт пропуска “Прывалка”, які з 1 верасня да 15 кастрычніка будзе зачынены на рэканструкцыю.
Таму набыць білет на паездку ў Літву можна толькі на жнівеньскія даты.
Ці пойдуць гродзенскія аўтобусы ў Літву праз іншыя пункты пропуску – невядома.
Бліжэйшы з іх знаходзіцца ў Парэччы, але ён абсталяваны толькі для спрошчанага перасячэння мяжы.
Ехаць праз “Каменны Лог” ці “Беняконі” для гарадзенцаў – дадатковыя сотні кіламетраў, а значыць страчаны час і грошы.
“Твайму стылю” стала вядома, што ў 12 гадзін пачалася нарада ў старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры, на якой павінны прыняць канчатковае рашэнне, якім чынам будзе падтрымлівацца пасажырскае злучэнне паміж Гродна і Літвой на час рамонту “Прывалкі”.