Аўгустоўскі канал: савецкае свята і фэст трох народаў

| Без катэгорыі

Ужо на пад’ездзе да месца святкавання можна было заўважыць вялізных зробленых з саломы мужыка з бабаю, якія быццам нагадвалі, што едзеш ты менавіты на дажынкі.

Самыя “Дажынкі” можна падзяліць на дзве часткі. Першую можна акрэсліць як “дзяўчаты з ўсяго свету прыехалі на прыроду”. “Дзяўчаты” – гэта амаль 80 прыгажунь-удзельніц конкурса Miss Supranational 2013, якія танчылі хараводы з жанчынамі з народных ансамблей і перыядычна фатаграфаваліся.

Другой часткай гэтага свята ўраджаю было шэсце “перадавікоў вытворчасці”. Антураж снапоў з калоссямі вельмі нагадваў свята савецкіх часоў, калі на 1 мая рабочыя і калгаснікі выходзілі на вуліцы гарадоў. Калонна з перадавікамі расцягнулася амаль на кіламетр і галава не ведала, што робіць хвост.

 

Потым былі ўзнагароды за першае месца па ўборцы ўраджаю ды песні ад жыхарак вёскі. На падворках СВК можна было зразумець, што ў гэтым годзе ўрадзіла: хтосьці, напрыклад, выставіў велізарныя гарбузы. Ва ўрачыстых прамовах гучалі словы гонару за свой раён.

Ян Васілеўскі, старшыня Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта, сказаў журналістам пра тое, што з плошчы ў 30 тыс. гектараў сабрана 184 тыс. тон збожжавых і зернебабовых – гэта другі паказчык у краіне. “Самы вялікі ўраджай – 61 цэнтнер з гектара – гэта паказчык еўрапейскага ўзроўню” – хваліў працаўнікоў вёскі старшыня.

 

Аказваецца, толькі тры гаспадаркі ва ўсёй краіне перайшлі мяжу ў 80 цэнтнераў, і ўсе яны знаходзяцца ў Гродзенскім раёне. Гэта СВК Верцялішкі, СВК імя Крамко, СВК Свіслач.

Другі фэст пачаўся ў 14.00 і гэта ўжо быў іншы фармат мерапрыемства. Так званае “Свята трох народаў” распачалося з прывітальнага слова на трох мовах: па-беларуску, па- літоўску і па-польску. Шматлікія польскія госьці выказалі надзею, што ў наступным годзе гэтае свята будзе адзначацца на польскай частцы Аўгустоўскага канала.

Розныя традыцыйныя рамёствы прадстаўлялі на свяце народныя майстры: саломапляценне, кавальскую справу, вышыўку, кераміку. Можна было не толькі купіць нешта ў падарунак, але і вырабіць сваімі рукамі маленькі прэзент на памяць.

Прадстаўнікам кожнай нацыянальнасці на танцы і песні было выдзелена больш за гадзіну, а затым, пасля 20.00, на Аўгустоўскім канале пачалася этнадыскатэка.

 

Фота аўтара