Сняданак на абочыне, або як мы чакалі Дашкевіча
Прыхапіўшы лічбавік, сухары ў якасці ежы на бліжэйшы дзясятак гадзін і, на ўсялякі выпадак, пашпарт, спяшаюся на чыгуначны вакзал, куды ў 21.20 прыбывае цягнік з мінскай дэлегацыяй паплечнікаў Дашкевіча.
Зміцера павінны былі выпусціць 28 жніўня, але адміністрацыя турмы не сказала, у які дакладна час гэта адбудзецца. Таму актывісты “Маладога фронту” заклікалі ўсіх пачаць дзяжурства пад сценамі гарадзенскага астрогу ўжо ў ноч з 27 на 28 жніўня.
Сустрэча з гасцямі з Мінску на вакзале
На вакзале сабралося 14 чалавек, якія накіраваліся на шпацыр па начным Гродне. Гарадзенскі грамадскі актывіст і журналіст Аляксей правёў цікавую імпразаваную экскурсію. Атрымалася вельмі пазнавальна: акрамя гістарычных фактаў, мы пачулі гарадзенскія байкі, гісторыі з жыцця і тое, што наўрад ці прачытаеш у падручніках па гісторыі. Чаго толькі вартая гісторыя пра бабку-армагедон, якая жыла ў прыбіральні аднаго з офісных будынкаў і пагражала ўсім “зладзіць армагедон”.
Да 23 гадзін да нас далучыліся яшчэ пяць чалавек. Хутка павінны былі прыехаць яшчэ тыя, хто дабіраўся да Гродна на машынах, у тым ліку і Наста Дашкевіч – жонка палітвязня.
Па дарозе да турмы Аляксей распавёў пра вядомых вязняў мясцовага астрога. “Неяк мне пашанцавала трапіць туды на сапраўдную экскурсію, дзе ахоўнік з гонарам паказваў камеру, у якой сядзеў Шарамет”, – смяецца журналіст.
Дайшлі да Савецкай плошчы і зрабілі прывал. Вакол плошчы наразалі кругі чатыры міліцыянты: два ў форме і два ў цывільным. Пасля яны селі недалёка і сачылі за намі. Адзін з малодафронтаўцаў падышоў і сказаў, што чуў, як міліцыянты горача абмяркоўвалі, што пасярод плошчы збіраецца апазіцыя з каньяком.
Ніхто з нас не верыў у тое, што Дашкевіча выпусцяць проста так. “У лепшым выпадку на вакзал вывезуць і пад канвоем пасадзяць на цягнік. У горшым – наогул вывезуць за межы горада, у Скідзель або Ваўкавыск”, – разважаў актывіст Маладога Фронту і адзін з ініцыятараў акцыі падтрымкі пад сценамі турмы Іван Шыла.
Усе настраіваліся на тое, што дзяжурыць прыйдзецца доўга і ўпарта, нават да позняга вечару 28 жніўня.
Пачало халадзець. Частка групы пайшла пад муры турмы, некалькі чалавек накіраваліся на вакзал, а астатнія пайшлі шукаць прытулку ў якой гарадзенскай кафэшцы.
Аказваецца, знайсці кавяранку пасля гадзіны ночы вельмі праблематычна. Нягледзячы на тое, што некаторыя з іх афіцыйна працуюць да 2.00, ужо ў гадзіну дзверы былі зачыненыя. Прыйшлося пашпацыраваць па ўсім цэнтры. У выніку накіраваліся ў “Бярозку”, што ў парку Жылібера. Фастфуд сярод ночы – стрэс для страўніка, але прынамсі змаглі пасядзець і пагрэцца.
Усе былі вельмі ўзрушаныя. “Я вельмі хвалююся. Зміцер, наш лідар, хутка выйдзе на волю, гэта моцна кранае”, – кажа маладафронтавец з Гродна Станіслаў.
“А раптам яго ўвогуле не выпусцяць? А раптам яго вывезуць за межы горада? Што тады рабіць?” – хвалявалася дзяўчына з Віцебску. Напэўна, трэба сапраўды вельмі паважаць чалавека, каб вось так ехаць праз усю Беларусь, каб сядзець і мёрзнуць пад турэмнымі сценамі.
Сагрэўшыся, вярнуліся да турмы. Тут ўжо сабралося каля 30 чалавек, сярод якіх каля трэці – журналісты. Недзе а палове на першую ночы да групы падыйшлі тры ахоўнікі і папрасілі разыйсціся. “Прыходзьце пасля восьмай раніцы”, – казалі яны. Вядома, ніхто іх не паслухаў. Хутка да нас падыйшоў міліцыянер і сказаў, што тут нельга пікетаваць. “Дык мы і не пікетуем”, – пачуў ён у адказ. Ні транспарантаў, ні расцяжак не было. Людзі проста стаялі ці сядзелі на тратуары, побач – тэрмасы з гарбатай ды відэакамеры. Недзе праз пяць хвілін да нас пад’ехала міліцэйская машына, супрацоўнікі зноў цікавіліся, чым мы тут займаемся і чамусці папярэдзілі, што маляваць на сценах нельга.
Каля гадзіны ночы прыехала Наста Дашкевіч. Прывезла з сабой шмат хатніх піражкоў, бананы, цукеркі і вялікі, літраў на пяць, тэрмас гарачай гарбаты з бальзамам. Гарбата была вельмі дарэчы – лета сканчаецца і ноччу было ўжо досыць халодна. Наста хутка з’ехала адпачываць, было бачна, што яна вельмі нэрвуецца.
Мы засталіся дзяжурыць. Метраў 20 ад нас размясціўся міліцэйскі УАЗік з двума міліцыянтамі на борце. Адзін хутка пачаў драмаць, ім было сумна назіраць за тым, як мы мірна сядзім на бардзюры, смяемся, п’ем гарбату і слухаем з планшэта “Людзей на балоце”, “Ляпіса Трубяцкога” ды іншых. Міліцэйскія аўтамабілі яшчэ не раз праязджалі побач, але ўжо нават не спыняліся.
У пяць гадзін раніцы, напэўна, абвастраецца філасофскае адчуванне свету. Маладыя дэмакраты пачалі горача абмяркоўваць, як выратаваць Беларусь. У іх нават існуе нейкі сакрэтны план захопу ўлады. Праўда, яны так і не раскалоліся, у чым гэты план заключаецца. А абмеркаванне пладова-ягадных він і іх уплыву на нацыянальную парадыгму ўвогуле вынеслі рэшы мозгу.
Вакол квартала вуліц Кірава, Урыцкага, Тэльмана і Гараднічанскай пачала хадзіць парачка супрацоўнікаў у цывільным. Яны некалькі гадзін самааддана “шпацыравалі па начной Гародні”, а пасля адзін з іх знік у будынку турмы.
Пачало віднець. На ранішні шпацыр выйшла мясцовая жыхарка – старэйшая жанчына ў халаце, якая пачаставалася ў нас цыгарэтамі. Прыглядзеўшыся да нас, выказала здагадку, што мы сабраліся тут, бо збіраемся на экскурсію. Мы сказалі ёй праўду-матку – сустракаем палітвязня. Усмешка жанчыны ператварылася ў сумесь здзіўлення і перапалоху, прабарматаўшы “Ой мамачкі” яна паспяшалася знікнуць з гарызонту.
У шэсць гадзін раніцы прыехала Наста Дашкевіч. Было бачна, што яна нэрвуецца. Усе стомленыя і сонныя (некаторыя ані хвіліны не паспалі ў машыне ці кавярні), абмякоўваюць, што будзе далей.
Раптам Наста заўважае, што з турмы выходзіць нейкі чалавек. Зміцер! Яна кінулася да яго, ён пабег насустрач. Сон як рукой зняло – сустракаючыя, спешыўшыся ад нечаканасці, апомніліся і хваляй накаціліся на Дашкевіча. Сонныя журналісты маланкай павыскоквалі з машын і скіравалі на вызваленага аб’ектывы.
Гарачыя абдымкі, усмешкі: Зміцер выйшаў бледны, стомлены, з хваравітым тварам, але вельмі вясёлы і шчаслівы. Ад самага пачатку жартаваў і паводзіў сабе, быццам і не было гэтых амаль трох год за кратамі – вытрымка чалавека ўражвае. Зміцер не быў шматслоўны і хутка разам з Настай з’ехаў у Мінск. Дарэчы, 31 жніўня ў іх будзе шлюб.
Вось так скончылася наша ноч пад гарадзенскімі мурамі. Мы не дарма прасядзелі там усю ноч. Зараз, з чыстым сумленнем, можна было адсыпацца.