НЕ ХАЧУ ЖЫЦЬ ПАД НУМАРАМ
Са скаргай на дзеянні МУС грамадзянін С. Сурба звярнуўся ў суд Ленінскага раёна, каб яму выдалі пашпарт без ідэнтыфікацыйнага нумару. Суд Ленінскага раёна рашэннем ад 2 лютага скаргу не задаволіў. Сп. Сурба тлумачыць сваё рашэнне такім чынам: – Чалавеку не можа быць прысвоены нейкі асабісты нумар. У ідэнтыфікацыйным нумары пасля літарнага паказчыка прыналежнасці да рэгіёну змяшчаюцца тры лічбы, якія і з’яўляюцца асабістым нумарам чалавека. А прысвойваць чалавеку нейкія нумары нельга. Увогуле, уся пашпартная сістэма Беларусі створана па кабалістычнай сістэме. Пра тое, што грамадзянін Беларусі мусіць мець такі нумар, закона няма. Але ёсць палажэнне аб пашпарце, па якім кожны грамадзянін мусіць мець пашпат, які ўтрымлівае свой ідэнтыфікацыйны нумар, кажа сп. Сурба. У такім выпадку ідзе размова пра тое, што нумар прымаецца па аналогіі, а не прысвойваецца чалавеку асабіста. Сяргей Скурко з рашэннем раённага суда не згодны і збіраецца накіроўваць скаргу ў Вярхоўны суд.
Сашка Верацейчык