Недзіцячая казка пра выгнанне
Ранняю вясной, на лясной палянцы паблізу рэчкі, куст дзікай маліны разгледзеў недалёка ад сябе маладзенькі парастак дрэва. Ніколі тут не было такога дрэва, адразу было відаць, што дрэва не з лесу.
– Ты хто? – спытала дзікая маліна.
– Я – яблынька.
– Ой, а я цябе раней нешта не бачыла тут. А скуль жа ш ты ўзялася?
– Так, ты мяне і не магла раней бачыць. Бо я толькі гэтаю вясною выпусціла свае першыя лісцікі. Была зіма сцюдзёная: вецер, снег і лёд… але я ўсё ж аджыла… Трапіла я сюды калі была яшчэ яблыкам. А было тое так:
“Некалі жыў-быў яблык. І трапіў той яблык, разам з іншай садавінай ды гароднінай у кошык. О, гэта быў асаблівы кош! Яблык тады верыў, што гэта асаблівае пакліканне знаходзіцца ў кошыку. Бо далёка не кожны здольны ствараць умовы для развіцця іншых. Быць карысным, жыць і расці самастойна, прыносіць новыя плады, а не быць угнаеннем, вучылі ў кошыку іншых.
У кошыку было добра і ўтульна. Усе ладзілі між сабой і ніхто не меў на што наракаць, бо кожны займаўся тым, што яму было даспадобы і прыносіла задавальненне. Жылі там рудая цыбуля, чыстыя, маладыя бульбінкі, доўгая морква, тонкі кроп, жоўтыя бананы, гранатовыя слівы і яшчэ шмат, шмат іншых.
Ім было добра разам. Доўга яны так жылі: ніхто іх не трэс, вадою не паліваў, жылі сабе, справу сваю рабілі ды гора не ведалі.
Але аднаго разу паклалі да іх у кошык смажанага гусака. Ён быў без галавы, але затое ўвесь набіты печанымі яблыкамі. Ды і сам ён быў гарачы – толькі з духоўкі. Ад гэтага ганарыстым быў той гусак. Месца ў кошыку паменшала, але яго жыхары і далей былі шчаслівыя тым што рабілі.
Гусак сам нічога не казаў, але наблізіў да сябе памідора і агурка і праз іх перадаваў свае вяленні астатнім. Памідор з гурком казалі, што гусак казаў, што ён ведае як трэба працаваць, каго трэба гадаваць і што ўсіх чакае, і для чаго ўсе тут у кошыку і для чаго сам кошык, бо ён быў гатаваны, не тое што рэшта. І загадаў аднаго разу гусак выкінуць яблык, бо не ляжаў той як іншыя ў кучы. Да таго ж любіў гусак яблыкі толькі печаныя, а гэты быў нейкі іншы.
Выклікаюць аднаго разу памідор з агурком яблык, ды кажуць:
– Мы лічым, што табе не месца з намі ў адным кошыку, бо ты недастаткова чырвоны і недастаткова зялёны.
А яблык адказвае:
– Зразумела, я не магу быць такім самым як вы. Я ж яблык. Ды і вы самі: адзін чырвоны і не мае нічога зялёнага, а другі не мае нічога чырвонага. І нешта тое вам не шкодзіць.
– Пайшоў вон! – заенчыў раптам памідор, а гурок толькі ціхенька паддакнуў каб пачуў памідор: – Вон, вон…
Тады так кажа яблык:
– Гэты кошык – мой дом. Я тут разам з вамі колькі сябе памятаю. Жыў заўсёды і не меў нараканняў, адно падзякі. Нікому і ніколі не замінаў. Куды ж я пайду?
– Нам усё адно куды! Ты павінен разумець, што ты сам вінаваты, бо ўсе бачаць, што ты не такі як мы!
– А якія вы? Вы ж такія розныя: ты такі тоўсты і чырвоны, а ты такі зялёны і такі доўгі. Ды абодва вы, як і я, негатаваныя, не салёныя, не марынаваныя…
– Пытанне не ў нас, – так кажуць памідор і гурок, – з намі ўсё ў парадку! А вось ты які?
– Я такі якім я быў заўсёды. Усе мяне бачылі, я ніколі не хаваўся. Яшчэ ўчора і ў вас не было нараканняў на мяне. Што здарылася?
– Здарылася тое, што ты не хаваўся, калі тое рабіць было варта. Ходзіш ды ўсім паказваешся. Толькі ад таго, што ты ходзіш і не хаваешся, праблемы не ў цябе… Праблемы ў нас! На нас гусак насеў і душыць! Ты нам жыць спакойна не даеш!
– І што ж вы хочаце ад мяне? – пытаецца яблык.
Памідор ціхенька і нават неяк па сяброўску так кажа:
– Вазьмі ды выскачы з кошыка, га-а? Толькі так… ці-і-і-ха трэба выскачыць… Трэба нават не выскачыць, а так ціхенька вылезці. І вылезці трэба так, каб усе бачылі, што ты сам гэта зрабіў, каб у нашым ды і ў іншых кошыках было ўсё ціха! Не хвалюйся, да цябе ўжо не раз мы так рабілі з іншымі. І ведаеш што? Сапраўды працуе!
– А чаму ж я маю выскокваць? – здзівіўся яблык.
Тады гурок так кажа:
– Слухай, мы ўсё разумеем і цябе даўно ведаем. Але і ты ведаеш, як цяпер ўсё змянілася… Тэмпература ў кошыку паднялася моцна. Кожная нармальная гародніна разумее, што як тэмпература паднялася – то варта хавацца і не вытыркацца! А яшчэ лепш – падвянуць крышачку трэба!
Ты сам вінаваты, што не хаваўся, калі ўжо вянуць і гніць не хацеў. Каго дзяўбуць за тое, што ты не схаваўся? Табе і слова не сказалі, а дзяўбуць з-за цябе – нас! А цяпер, альбо мы цябе выкінем, альбо нас выкінуць, а ў нас дзеці…
– Не збіраюся я выскокваць. Кошык – такі самы мой як і ваш! І галоўнае – я не рабіў нічога дрэннага. Нічога, за што мне было б сорамна ці было б варта ўцякаць з кошыка.
– Ты ведаеш, хто тое загадаў? Сам смажаны гусак! У яго такіх як ты – поўная сярэдзіна, толькі печаных!
– Падумаеш гусак, – кажа яблык. – Каго толькі тут не было: і куры, і пеўні, і нават свіная рулька… Пасля гусака яшчэ якая пошасць можа на нас зваліцца… Вы што, не разумееце, што калі сёння мяне выкінуць, то заўтра дакладна па той самай прычыне прыдуць за табой, бо ты чырвоны без зялёнага, а цябе выкінуць бо ты зялёны без чырвонага?
І што яблык памідору і гурку не казаў, нічога яны слухаць не хацелі. І кожны ў кошыку разумеў, што робяць памідор ды гурок. І кожны прыходзіў і ціснуў яблыку руку, але не верылі, што могуць нешта зрабіць… Ды і сам яблык не верыў, што іншыя могуць яму дапамагчы, хучэй толькі сабе нашкодзяць…
– Ну раз ты не хочаш па-добраму, кажа памідор, мы цябе выкінем самі! Узяўся памідор з гурком і хоць нават яны разумелі, што гэтага рабіць не трэба, і кожны з іх, магчыма, быў думкамі за яблык, цягнулі яблык за рукі і за ногі да краю, каб самім застацца ў кошыку. Нарэшце, выштурхнулі яблык вон.
А яблык перакуліўся з кошыка і закаціўся ў высокую траву паблізу куста дзікай маліны.
– Ну вось, – радуюцца гурок з памідорам, – цяпер яго ніхто не знойдзе! Выратаваліся!
Яблык і праўда так зваліўся, што яго зусім не было відаць.
Ляжыць яблык пад кустом маліны і бачыць, як да кошыка падыходзіць гаспадар і кажа жанчынам-гаспадыням якія расклалі на палянцы радзюшку і цяпер ставілі на яе шклянкі і талеркі, раскладалі відэльцы для пікніку:
– Гэй дзяўчаты, хучэй завіхайцеся! Бо ўжо госці прыехалі! Хуценька зрабіце салацік лёгенькі для закускі… Там з гурочкамі, памідоркамі, самі ведаеце… А ўперад давайце – гусака парэжце, пакуль яшчэ цёплы!
Больш казак – на блогу Ігара Кузьмініча | ||