Львоў вачыма турыста і экскурсавода

| Без катэгорыі

Можна нават сказаць, што ў Львове заўсёды адчуваеш сябе больш сваім, чым, здавалася б, у наскрозь прапітанай беларускай гісторыяй Вільні.

 

Львову ёсць чаму павучыцца ў Гродна, але ў плане развіцця турызму мы безнадзейна адсталі ад гэтага горада. І не толькі таму, што ў нас значна менш помнікаў ці ў нас больш іх руйнуюць, але найперш у плане стварэння ўмоваў для бізнеса, “уцягвання” людзей у гэты горад. Таму пададзеная ніжэй галерэя здымкаў – гэта погляд на Львоў толькі з боку чалавека, звязанага з турызмам прафесійна, ды і то погляд вельмі суб’ектыўны і фрагментарны.

 

Такім можа пабачыць Львоў кожны, хто ўзбярэцца на вежу гарадской ратушы. Вельмі-вельмі стары і адначасова сучасны горад, які заўсёды адкрываеш нанава.

 

Сабор святога Юра – цытадэль грэка-каталіцтва і адзін з сімвалаў Львова.

 

Помнік Тарасу Шаўчэнку з’явіўся ў Львове толькі ў гады незалежнасці, хаця львавяне хацелі яго паставіць яшчэ ў канцы ХІХ ст. Ва Украіне наагул культ гэтага паэта – так бы ў нас шанавалі Янку Купалу! Помнік насамрэч вельмі ўдалы, бо паэт быццам асэнсоўвае ўсю трагічную гісторыю Украіны.

 

Шыльда на будынку, дзе была абвешчана Заходнеўкраінская народная рэспубліка. Памятных шыльдаў на будынках вельмі многа, часам нават здаецца, што занадта. Украінцы такім чынам засвойваюць гістарычную прастору нямецка-яўрэйска-польскага гораду, якім доўгія гады фактычна быў Львоў.

 

Тое самае і з назвамі вуліц. Варта было б вяртаць старажытныя гістарычныя назвы, але многа назваў тычацца менавіта ўкраінскіх дзеячоў першай паловы ХХ ст.

 

Турма на Лонскага – месца генацыду львавян сталінскімі катамі. У чэрвені 1941 г. тут былі забітыя некалькі соцен чалавек. Сёння тут архіў-мемарыял, які расказвае гараджанам пра тое, якой страшнай пачварай быў сталінізм.

 

Шаўчэнкаўскі гай – вялізарны лес-скансэн у цэнтры Львова. Тут сабраныя старыя драўляныя будынкі з усёй Заходняй Украіны. У той час калі на Гарадзеншчыне развальваюць апошнія млыны і ветракі.

 

Львоўская цытадэль знаходзіцца ў велізарным, слаба асвоеным парку Івана Франка ў цэнтры горада. Адну частку крэпасці перарабілі ў суперэлітны гатэль, рэшта чакае інвестараў прыкладна ў такім самым выглядзе, як і гарадзенскія фарты.

 

Піяніна, на якім можа зайграць, кожны жадаючы, стала знакамітым у інтэрнэце пасля таго, як на ім зайграў адзін львоўскі бомж. Пабачыўшы гэтага бамжа ў жывую стала страшна за тых, што гралі пасля яго і сядзелі на ягоным месцы.

 

Выключнае месца – Лычакаўскія могілкі. Яны такога самага “ўзросту” з віленскімі Росамі і гарадзенскімі Фарнымі могілкамі, але пахаванні на іх акуратна ахоўваюцца. Ніхто таксама не выпільвае зеляніну, як гэта зрабілі ў нас, даўшы магчымасць разрастацца кустоўю.

 

Могілкі польскіх абаронцаў Львова 1918-1919 г. З гісторыяй ніхто не ваюе, побач украінцы зрабілі свае падобныя могілкі. Уваход з адных на другія аздоблены шыльдай з подпісамі польскага і ўкраінскага прэзідэнтаў. Супрацьстаяння больш не будзе. Палякі ездзяць у Львоў без віз і пакідаюць тут мільёны долараў.

 

На Лычакаўскіх могілках актыўна вядуцца рэстаўрацыйныя працы. Могілкі пад рэгулярнай аховай. У якім стане знаходзяцца гарадзенскія могілкі, можаце параўнаць.

 

Львавяне вельмі актыўныя ў абароне сваёй гістарычнай спадчыны. Яны добра разумеюць – мала ўключыць горад у спіс ЮНЭСКА, трэба прымусіць чыноўнікаў яго дастойна ахоўваць.

 

У прынцыпе гарадзенцам тут таксама ёсць чым ганарыцца, і яны стараюцца захаваць свой горад, але львавяне могуць рабіць гэта легальна. Як толькі становіцца вядома пра планы зруйнаваць нейкі дом – пад мэрыяй ужо стаяць валанцёры з плакатамі. І міліцыя аніколі не цягне іх у суд, бо разумее – будзе толькі горай.

 

Але адбіцца ад грошай вельмі цяжка. Таму нават у Львове ў самым цэнтры часам паўстаюць пачвары накшталт гэтай, якую львавяне называюць паміж сабою “мегаўнітазам”.

 

У львоўскай гарадской адміністрацыі даўно зразумелі неабходнасць прафесійнага піяру свайго горада. І супрацоўнікі аддзела “прамоцыі горада” свой заробак цалкам апраўдваюць.

 

Апошняе сур’ёзнае мерапрыемства, арганізаванае мэрыяй – “Ноч у Львове”. Цягам трох ночаў у горадзе прайшло каля ста культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Галоўная ўвага надавалася адукацыі – экскурсіям па музеям і па самым горадзе.

 

У Гродне бясплатнымі экскурсіямі займаюцца толькі энтузіясты, уявіць сабе правядзенне такога мерапрыемства з удзелам гарвыканкама вельмі цяжка.

 

Расклады экскурсій (у тым ліку і веласіпедных) размешчаны на такіх вось “дошках аб’яваў”. Такім чынам трапіць на любую платную экскурсію – не пытанне. Выбар, праўда, пакуль не вельмі багаты.

 

Асобнае дасягнне Львова – вялізная колькасць кропак, дзе можна хутка, адносна танна і вельмі смачна паесці. А што яшчэ патрэбна турысту?

 

Такі вось абедзік на двух чалавек у “Пузатай хаце” (нешта тыпу ўкраінскага “Макдональдса”, толькі непараўнальна больш якасны) каштуе на нашыя грошы каля 90 тысяч. Стандартная піцца звычайна каштуе каля 30 тысяч. Параўнайце з гарадзенскім выбарам месцаў адпачынку і коштамі!

 

Вытворцы заманьваюць пакупнікоў смакам, стылем і арыгінальнасцю. Тут – “шакаладная камасутра” у знанай львоўскай шакаладні.

 

Афіцыянткі з плёткамі і скульпура Захера Мазаха – усё гэта ў тэматычнай рэстарацыі, прысвечанай знакамітаму львавяніну – заснавальніку “сада-мазахізма”! Можна таксама наведаць рэтаран “У цемры”, дзе вы адчуеце сябе сляпым чалавекам або папіць кавы ў каваздабывальнай шахце!

 

Аўстра-Венгрыя (у складзе якой больш за 100 гадоў знаходзіўся Львоў). Таму кава і венскія (відэньскія) слодычы – гэта брэнд многіх кавярняў. Але кавярні выбіраюць сабе мэтавую аўдыторыю – напрыклад робяць стаўку на моладзь. А паколькі моладзь ездзіць на веласіпедах – вось вам 15%-працэнтная зніжка на каву калі прыехалі на веласіпедзе.

 

Апошнія гадоў сем ва Украіне сапраўдны рэнесанс вышыванкі (вышываныя кашулі). Кожны малады чалавек мае вышыванку ў сваім гардэробе і хаця пару разоў на год яе апранае. Таму прапанова вышыванак вялікая, але і кошт не малы – 600-800 тысяч беларускіх рублёў.

 

Мода на вышыванкі і іх прапаганда выразілася нават у апрананні ў іх антычных багоў на рынкавай плошчы. Праўда ў працэсе апранання Няптуну адламалі руку.