Хто мае права на крыж?
Закерзонне – агульная назва для этнічных украінскіх земляў, які патрапілі ў склад Польшчы пасля ІІ Сусветнай Вайны. Лічыцца, што перад высяленнем там пражывала блізу 700 тыс. украінцаў. У выніку гвалтоўных ператасовак насельніцтва у 1944-1947, у тым ліку аперацыі “Вісла”, украінцы былі адарваныя ад сваёй зямлі і вывезеныя на тэрыторыю УССР, адкуль на іх месца перасяляліся палякі. Звычайны сталінскі метад вырашэння нацыянальнага пытання…
Гэтаму абсурднаму “абмену насельніцтвам” супрацьстаялі як польская Армія Краёва, так і Украінская Паўстанцкая Армія. У вёсцы Грушавіцы (Hruszowice) Пярэмышльскага раёну дагэтуль стаіць помнік 12 ваярам УПА, палеглым у той час (на фота). Не сімвалічны, пад ім насамрэч пахаваныя людзі. Неаднойчы помнік атакавалі вандалы: на ім малявалі свастыкі, распісвалі надпісамі па-польску і па-расейску. Зараз яго хочуць знесці.
Еўрадэпутат ад партыі “Праваі і справядлівасць” (PiS) Томаш Парэмба падаў адпаведную заяву на імя міністра Кунерта, галавы “Рады аховы памяці барацьбы і пакутніцтва” (Radа Ochrony Pamięci Walk i Męczeństwa): “…Міністр падтрымлівае маю пазіцыю адносна гэтага помніка і вельмі дакладна абяцае рашучыя дзеянні адносна ягонага дэмантажу, ліквідацыі гэтай пабудовы. Гэты помнік быў пастаўлены без якой-кольвек згоды з боку польскай адміністрацыі, ён не асвячае месца спачынку, гэта сімвалічны помнік”.
Адным словам, крыж “нелегальны” – таму падпадае пад знос. Але недзе мы гэта ўжо чулі: сімвалічны крыж, суд, штрафы, знос…
“Гэта вандалізм і правакацыя. Магіла жаўнера ці польскага, ці нямецкага, ці савецкага — гэта магіла, святое месца, і мы абавязаны яе шанаваць. Ва ўсім цывілізаваным свеце гэта шануецца, а ў нас квітнее вандалізм”, – так выказаўся пасля сёлетняга зносу крыжа камандзіру АК Анатолю Радзівончыку пад Шчучынам лідар СПБ Мечыслаў Яськевіч.
Асвячэнне крыжа АК на Шчучыншчыне
Дык можа Польшча не адносіцца да цывілізаванага свету? Ці ў стане “дзікунства” заўжды перабывае выключна Беларусь?
Украінцы ў Польшчы такая ж нацыянальная меншасць, як і палякі ў Беларусі. Дык калі польскія чыноўнікі дазваляюць сабе так абыходзіцца са спадчынай і гістарычнай памяццю ўкраінцаў, якія жывуць на сваёй спрадвечнай зямлі, чаму іх лукашысцкія калегі не могуць дзейнічаць таксама адносна польскай меншасці?
Цікава, да прыкладу, як адрэагуюць польскія ўлады, калі беларусы захочуць усталяваць у ваколіцах Аўгустова крыж памяці загінулым жаўнерам БКА, якія прынялі там бой з бальшавікамі ў 1944-м? Ці права на змаганне з бальшавізмам ужо прыватызавана польскім бокам, як і права называцца каталіком?..
Алесь Пашкевіч кажа, напрыклад: “Сёння мы будзем помсціць палякам — заўтра яны нам. І будзе такім чынам складвацца заганнае кола, за якое нельга выйсці аніяк. І ўсё гэта — на радасць сённяшнім уладам”. Ну хто тут каму збіраецца помсціць? А вось глядзець у бок Бугу, як на адзіную крыніцу ісціны і камандны рупар ды вечна спасылацца на “сённяшнія ўлады” – вось сапраўды замкнёнае кола, абумоўленае нацыянальнымі комплексамі і падлеткавай няўпэўненасцю ў сабе.
“На крыж кожны мае права, хто памірае, бо кожны з нас хрышчаны” – залатыя словы 82-гадовай сувязной АК Веранікі Себасцяновіч. Толькі калі не разумець іх скажона ў сэнсе “кожны паляк”.
Кожны – значыць кожны беларус, украінец, паляк…
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі | ||
Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”
Іншае аўтара:
“У Францыі таксама жывуць палякі?”