Ці вернецца Фердынанд Кепскі на тэлеэкраны гарадзенцаў?
Гэта быў адзіны бясплатны польскамоўны канал, які маглі глядзець усе карыстальнікі тэлевізійнага “сацыяльнага пакета” ў Гродне.
З тэлеэкранаў гарадзенцаў ён знік пасля таго, як у Сувалках адключылі трансляцыю канала ў аналагавым фармаце ў сувязі з пераходам на лічбавае тэлебачанне.
Polsat у Гродне з’явіўся ў 2005 годзе. Гродзенскі абласны тэхнагандлёвы цэнтр “Гарант” пачаў рэтрансляваць яго пасля таго, як паводле спецыяльнага распараджэння Міністэрства інфармацыі РБ, спачатку перавёў у “дадатковы пакет”, а пасля ўвогуле спыніў рэтрансляцыю першай праграмы Польскага тэлебачання (TVP1).
Высветлілася, што правоў на вяшчанне Polsat’а ён не меў.
Пытанне заключэння дамовы на правы вяшчання гэтага канала ў Гродне кіраўніцтва “Гаранта” пачало вырашаць толькі зараз. Калі дамову падпішуць, гарадзенцы змогуць глядзець канал у лічбе. Пра хаця б прыкладныя даты аднаўлення вяшчання гаворкі пакуль не вядзецца: спецыялісты “Гаранта” параілі тэлефанаваць з пытаннямі раз на месяц.
Polsat прапаноўвае гледачам пераважна забаўляльныя праграмы, фільмы, серыялы і шмат рэкламы.
На здымку: кадр з папулярнага гумарыстычнага серыяла “Świat według Kiepskich”, які паказвае Polsat
Здымак kiepscy.org.pl