Ці чацвёрты Тэрмінатар выратуе серыю?

|

2018 год. Рэшткі чалавецтва вядуць няроўную партызанцкую вайну са сваім уласным стварэннем – кампутарам Скайнэт. Джон Конар яшчэ не лідар Супраціўлення, тэрмінатараў у чалавечым абліччы яшчэ не вынайшлі, таксама як і падарожжаў у часе. Праўда, паўстанцам прасцей ад гэтага не робіцца.

Найноўшы Тэрмінатар гэта безумоўна пачатак зусім іншай гісторыі: гэта іншая канцэпцыя і эстэтыка, іншая атмасфера. Рэжысёр, які хаваецца за ініцыяламі McG, не ідзе па старым шляху, магчымасці якога былі ўжо напоўную выкарыстаныя Камеранам, а механічнае іх паўтарэнне забіла наступныя спробы распавесці нешта новае пра свет Тэрмінатара. Таму гэтым разам мы бачым паўнавартасны постапакаліптычны баявік. Хаця стральбы і боек магло б быць больш.

Тэхнічна да фільму не прычэпішся: спецэфекты на ўзроўні, кампутарны Арні ў эпізодзе – як жывы, пагоні захапляюць. Адно толькі – праца камеры часам занадта хаатычная: усё гэтак трасецца, што вочы баляць. Падбор актораў таксама трэба ацаніць станоўча: Крыстыян Бэйл гэта вам не сапляк Нік Стал з «Бунту машын», Сэм Уортынгтан у некаторых кадрах – адно ў адно малады Шварцэнегер. Цешыць добрая роля Антона Ельчына, які з разбегу бярэ Галівуд, выступаючы ўжо ў другім у гэтым годзе касавым заходнім фільме. У Стар Трэку ён увасобіўся ў маладога Чэкава, а тут – у Кайла Рыўза, будучага абаронцу Сары Конар і бацьку Джона.

Самым слабым пунктам фільму з’яўляецца сюжэт. Праз банальную памылку сцэнарыстаў мы ведаем істотныя факты ад самага пачатку, у выніку чаго некаторыя сцэны робяцца ажно да болю прадказальнымі. Праўда, калі вам пашанцавала не бачыць рэкламнага трэйлера, нешта, быць можа, і застанецца для вас таямніцай.

Першыя Тэрмінатары, а асабліва непаўторная другая частка, былі новым словам у баявіках, яны паўплывалі на ўсе наступныя фільмы ў гэтым жанры і да сёння з’яўляюцца эталонам. «Тэрмінатар: Выратаванне» сам з’яўляецца дзіцём Матрыцы і Трансформераў, эфектыўна выкарыстоўвае напрацоўкі фантастычных фільмаў апошніх гадоў. Таму «Выратаванне» – гэта пачатак чагосьці новага, што будзе жыць сваім уласным жыццём. І гэта не гледзячы на частыя трапныя аўтацытаты. Тэрмінатар, якога мы ведалі гэтак добра, назаўсёды застанецца дылогіяй.

Чацьвёртае прышэсце – напэўна не выратаванне. Але і не параза. Магчыма, яго стваральнікам удасца знайсці адпаведную нішу для свайго кіно. Даведаемся ў пятай частцы, праз 2 гады.

Фільм: Тэрмінатар: Выратаванне / Terminator Salvation, ЗША-Нямеччына-Велікабрытанія, 2009 г., 115 хв.

Рэжысёр: McG

Жанр: фантастычны баявік

Асабістая ацэнка:7/10 (але я вельмі перажываю за 5 частку)