Фотафакт: як выглядае ўсярэдзіне дом Заменгофа

| Без катэгорыі

Будынак канца ХІХ ст. вядомы гарадзенцам перадусім таму, што з канца 1893 да канца 1897 гадоў тут жыў і працаваў урачом-акулістам Людвік Заменгоф, стваральнік мовы эсперанта.

У 1920-я гады сярод жыхароў дома быў прафесар К. Лашкевіч – пасол у польскі сейм. Там жа працавала габрэйская школа “Tarbut”, а ў кастрычніку 1930 г. – рэдакцыя беларускай паланафільскай газеты “Беларуская думка”.

У найноўшы час, да 2005 г., дом быў інтэрнатам медуніверсітэта. Пасля высялення пачаў імкліва разбурацца. Мемарыяльную дошку, прысвечаную Людвіку Заменгофу, знялі са сцяны пасля высялення будынка, яна чакае канца рэканструкцыі.

Толькі ў 2012 годзе рэканструяваць будынак узяўся прыватны прадпрымальнік Мікалай Шамін. Даследванне дома і ўзгадненне прац з Мінкультам занялі амаль год. Пад будынак завялі новыя фундаменты, сцены ўмацавалі з дапамогай металічных сцяжак, пераклалі камунікацыі – нават вадаправод для суседняга дома.

Калі казаць пра знешні выгляд, то дабудуюць невялікі мансардны паверх, на фасадзе ізноў з’явяцца страчаныя некалі балконы. Прадпрымальнік разлічвае, што на першым паверсе будуць працаваць крамы, на другім – офісы.

     
  Як выглядае ўсярэдзіне дом купца Мураўёва можна паглядзець тут.  
     

 

 

Здымкі Руслана Кулевіча