“Оплевание во славу отечества…”
Са школьнага курсу гісторыі ўсім вядома пра паўстанні супраць Расеі, якія выбухалі на Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з сярэднім прамежкам у 30 год: 1794, 1830, 1863… А што тут адбывалася ў “мірны час”? Як складаліся адносіны мясцовых з расейскімі прыхаднямі ў вайсковай альбо чынавенскай форме? І ці быў гэты час наогул “мірным”?
У канцы 1862 года, у снежні, не ўсе яшчэ разумелі маштабы надыходзячай навальніцы. Расейцы толькі скардзіліся адзін аднаму: “…поют что-то в костёлах; панны и паненки понапяливали жалобу (траур), ну и пусть тешатся…”. Што да спеваў у касцёлах, то ў асноўным гэта былі патрыятычныя гімны, якія падтрымлівалі маральны дух людзей, што марылі аб аднаўленні незалежнасці сваёй краіны.
А вось на патрыятычным “дрэс-кодзе” таго часу трэба спыніцца асобна. Гаворка ў тэксце ідзе аб жалобнай вопратцы чорнага колеру ды стылізаванай біжутэріі: пярсцёнках, завушніцах, шпонках ці медальёнах. Такое адзенне было азнакай траўру па ахвярах расстрэлу дэманстрацыі ў Варшаве ў 1861 годзе. Звычайна жаночая жалоба ўяўляла сабой пышную чорную сукенку.
Сталая жанчына ў жалобе
Мужчыны любілі апранаць чатырохканцовую шапку-канфедэратку альбо гарыбальдзійку (на здымку ніжэй). Гарыбальдзійка сваю назву атрымала ад імя Джузэпэ Гарыбальдзі – куміра рэвалюцыйнай моладзі таго часу (нібы Чэ Гевара ў 1960-80-х са сваім берэтам). Усё гэта насілася як сімвал маўклівага пратэсту і грамадзянскай салідарнасці. Тым больш, менавіта так можна было адрозніваць сваіх ад рускіх.
Пазней, калі замест Назімава віленскім губернатарам стане Мураўёў, пад забарону патрапяць не толькі канфедэраткі ды жалобная вопратка, але нават падарожныя кіі (абавязковы элемент мужчынскай моды) – як магчымая зброя ў вулічнай бойцы.
Гарадская моладзь апранутая паводле патрыятычнай моды (звярніце ўвагу на кій у руках хлопца)
Вайсковы доктар Мітрапольскі І.А. (у 1895 г. выйшлі з друку ягоныя ўспаміны), якога перавялі ў Гродна з Расіі акурат перад паўстаннем, расказвае пра свой першы кантакт з мясцовым насельніцтвам. Адбылося гэта на пляцоўцы паміж Езуіцкім касцёлам і Фарай Вітаўта. Расейцы пагардліва называлі гэты сквер, улюбленае месца праходак гарадзенцаў, “телятником”.
”Телятнік” перад Езуіцкім касцёлам, выгляд на пачатак ХХ ст.
Вось што піша Мітрапольскі: “Если на телятник ходил один русский в военной форме, то поляки вышучивали и выгоняли его таким образом. Троя или четверо, взявшись за руки, шли на него прямо, не давая дороги. Русский, конечно, сторонился; но шутники делали поворот к нему на встречу, так что куда бы он не вертелся, всё встречал стену из дураков, пока не выругавшись не уходил с телятника, сопровождаемый бранью и смехом.”
Канфліктная сітуацыя ўзнікла адразу ж, як доктар рызыкнуў зайсці на дадзеную тэрыторую. Трое маладзёнаў счапіўшыся рукамі пайшлі на яго, але доктар, прынамсі з ягоных словаў, аказаўся не з палахлівых: “Господа, говорю, оставьте свою глупую проделку; не то, хоть вас и трое, а я один, но, слово гонору, я больно поколочу вас.” На гэтым справа і скончылася.
Віктар Праскурын у ролі вайсковага доктара часоў Паўстання 1863 ў фільме ”Швадрон”
Трэба адзначыць, што сярод расейцаў было прынята называць ўсіх жыхароў Гродна “палякамі”, але разам з тым не варта забывацца, што для прыезджага з усходу вайскоўца альбо чыноўніка кожны жыхар “Паўночна-заходняга краю”, асабліва каталіцкага веравызнання, быў палякам. Многія рускія не маглі адрозніць польскую мову ад беларускай, ці, нават, нямецкай (!), як паказвае ў сваім даследаванні гісторык Н. Лісейчыкава. Слова “паляк” – азнака не нацыянальнасці, а хутчэй палітычнай прыналежнасці, тое самае, што грамадзянін Рэчы Паспалітай (як ўмоўная азнака “рускі” для любога выхадца з СССР).
Урывак з успамінаў доктара Мітрапольскага
Звычайнай справай было тое, што жанчыны маглі абкласці трохпавярховай лаянкай і апляваць (!) чалавека ў вайсковай форме нават у касцёле (прысутнасць расейца ў святыні ўспрымалася як выклік). Той жа доктар ва ўспамінах піша пра апляванне, як пра штодзённую справу: “…я совершенно привык к такой любезности со стороны польских барынь. Особенно мне досталось однажды, когда я из любопытства зашел в Фару, где спевали. Встречаясь с русским в военной форме, польки не упускали случая сказать по его адресу «пся крэв» и плюнуть в сторону проклятого москаля…”.
Пляўкі гэтыя, дарэчы, былі зусім не сімвалічнымі і толькі дадавалі працы дзеншчыку вайсковага доктара, які мусіў “…обтирать мокрой тряпкой мой плащ всякий раз, когда я возвращался домой. То же самое было и с другими русскими и все несли свое оплевание безропотно во славу отечества”.
Але найбольш цікавай падаецца падагульняючая выснова вайскоўца, з якога атрымаўся б добры філосаф: “Вероятно, в нашем смирении было сознание своей силы, впрочем, может быть и вины, но уже никак не слабости”.
Яшчэ адной асаблівасцю перыяду было тое, што ў кавярні або рэстарацыі, якія належылі гарадзенцам неяўрэйскага паходжання, зрабіць замову па-расейску было справай амаль немагчымай: “Можно было просидеть целый день и недопроситься по-русски чашки кофе, пока не скажешь: “филижанка кавы прошу, пана”, и тогда филижанка являлась немедленно”.
Рэгулярная затрымка лістоў і расейскіх газет – яшчэ адна прыдумка гарадзенцаў, каб выказаць акупантам сваю пагарду. Некаторыя лісты даходзілі да адрасата пашкоджанымі альбо ў адчыненых капэртах.
Мала хто з расейцаў адважваўся шпацыраваць па вулачках гораду адзін пасля захаду сонца. Самотны “маскаль”, асабліва пад прыкрыццём цемры, рабіўся добрай мішэнню для збіцця. Часцей за ўсё даставалася падвыпіўшым салдатам.
Зразумела, расейцы часам самі правакавалі на канфлікт мясцовае насельніцтва. Ангелец Андэрсан, які ў перыяд паўстання гасціў у Гродне, у сваіх успамінах распавядае аб выпадку, калі ў рэстарацыі расейскія афіцэры з імперскай гвардыі дэманстратыўна з пагардлівай усмешкай сцягнулі кавалак хлеба са стала Андэрсана і яго сяброў, такім чынам правяраючы наколькі далёка яны могуць зайсці ў сваіх паводзінах.
Інфармацыю аб бясчынствах расейцаў у архіўных матэрыялах знайсці цяжка. Яно і зразумела: мясцовай адміністрацыі не было сэнсу распачынаць следства супраць свайго ж, тым больш вайскоўца. Ды і мясцовы люд, чым звяртацца са скаргай да расейцаў на расейцаў, абіраў палітыку чакання для сапраўднай помсты. А чакаць давялося зусім не доўга…
Паўстанец Раман Рагінскі ў патрыятычным строі
Назімаўскі перыяд быў своеасаблівай палітычнай адлігай, паслабленнем, дзе за свае “злачынствы” гарадзенцам давалі невялічкія штрафы ці вусныя папярэджанні. Карыстаючыся сучасным апазіцыйным жаргонам – “лібералізец”. Усё змянілася з назначэннем на пасаду віленскага генерал-губернатара Мураўёва…