Алесю Белакозу – 85 гадоў!
З якімі пачуццямі вы будеце сустракаць свае 85 год?
Алесь Белакоз: Людзі крыўдзяцца на тое, што хутка жыццё прайшло. А я хачу, каб жыцця майго было гадоў 200. Многа часу ў барацьбе б было. А планаў наогул маю яшчэ на 300 год.
Я адчуваю сябе патрэбным, бо час такі, што знішчаецца ўсё беларускае. Уся справа па здзяйсненні маіх планаў упіраецца ў фінансы. Калі б я падтрымліваў паланізацыю нашага краю – то мне б Польшча грошы давала, каб русіфікацыю – то царква. А я нічога такога не падтрымліваю і ніхто мне на мае планы не дасць анічога – а з пенсіі не надта разгонішся.
Я пакуль выдаў дзве маленькія кніжкі: “Каб жыла Беларусь” – кніга мемуараў, а таксама кніжку “Музей ў Гудзевічах”. Хачу выдаць кніжку “Методыка шчасця”. Гэта кніга пра тое, як школьнікі атрымліваюць пяцёркі і амаль не вучацца дома. Вучобы 5-10 хвілін хапае, каб вучыцца на выдатна! Я ўпэўнены, што згодна з гэтай методыкай у класе будзе 90% пяцёрак!
Таксама я хачу выдаць кнігу “Людзі” – пра мясцовых людзей. Прыходзяць людзі, пытаюць у мяне, што вядома пра іх бацькоў, дзядоў. Ну, я ўзяў і напісаў на старонак 40 гісторыю іх роду, потым паглядзеў, што многа людзей, якія тут жылі, пакінулі добры след, але пра іх ніхто не ведае.
Далей будзе кніга “Творцы”. Калі мы рабілі музей ў Гудзевічах, то ўсе спецыялісты казалі – ніколі ў Мастоўскім раёне не было пісьменнікаў. Дык я чалавек 40 знайшоў тут! Таксама хачу выдаць гісторыю роду Белакозаў.
А наконт Радзімы – трэба рабіць так, каб кожны грамадзянін сваёй краіны – ці то Польшча, ці то Расея, ці то Беларусь – ікнуўся да таго, каб іх дзяржава была шчаслівай. Нам трэба змагацца за сваю краіну – за Беларусь.
Спадар Алесь, як вы лічыце, наколькі сёння беларускае грамадства гатова да захавання беларускай культуры і спадчыны?
Ведаеце, я лічу той ці іншы час спрыяльным да беларушчыны па колькасці беларускіх школаў. Напрыклад, у даверасьнёўскай Польшчы было іх каля 200, праўда іх пазачынялі потым амаль усе. Нават Віленскую гімназію – яе зачынілі ў 1939 годзе за пару дзён да пачатку вайны. Але былі школы!
Пры немцах не ва ўсёй Беларусі былі. У нас, да прыкладу, мая сястра вяла патаемную беларускую школу і яе маглі за гэта расстраляць ці ў канцлагер саслаць. А зараз беларускіх школаў няма зусім.
На вашую думку, гэта віна беларускіх грамадзян ці нашай апазіцыі?
Ведаеце, беларускай апазіцыі няма. Ёсць апазіцыя руская, ёсць – польская. У нас няма ніводнай беларускай газеты. І, на маю думку, “Звязда” – таксама польская газэта.
Апошнім часам вы спрыяеце выданю кніг на розныя тэмы. Распавядзіце пра гэта, калі ласка.
Напрыклад, быў тут у нас работнік радыё, што пісаў кнігу “Мудры настаўнік Алесь Белакоз”. У музей наш часта прыяджаў і пісаў пра мяне. Пазьней Міхась Амялішка ўзяў маю кніжку пра лячэнне і выдаў яе, але кепска. У той кнізе ёсць такія месцы пра лячэнне, што мне сорамна за іх: напрыклад, пры болі ног раіць масаж – я ж катэгарычна супраць масажу.
Відэаінтэрв’ю з Алесем Белакозам, знятае ў межах праекта “Постаці”, глядзі тут. | ||