Раскрытыкаваны Сямёнам Шапірам футбаліст пакінуў Гродна

|

На мяжы разам з іншымі пасажырамі з сумнай усмешкай таптаўся па дыванку ад “афрыканскай чумы”, адказваў на пытанні польскага мытніка, ці вязе цыгарэты. У Беластоку дастаў з багажніка две валізкі, і, схіліўшы галаву, пакрочыў на вакзал. У новае футбольнае жыццё, якое наўрадці прывядзе яго яшчэ раз у Гродна.

 

Лёс Нікаласа Сеаліна быў прадвызначаны ў сярэдзіне ліпеня. 

 

Пасля серыі няўдалых гульняў “Нёмана” старшыня аблвыканкаму ўчыніў разнос кіраўніцтву клуба.

 

Сямён Шапіра папрасіў тады прадставіць яму звесткі пра тое, у колькі абыходзіцца камандзе 1 хвіліна знаходжання бразільца з заробкам у 32 млн. рублёў на футбольным полі.

 

Журналісты падлічылі, што за адну хвіліну ўдзелу ў гульні легіянер з Бразіліі зарабляе 860 000 руб., альбо каля 100 даляраў.

 

У гэтым сезоне Нікалас (на здымку ніжэй зправа) сапраўды нічым асаблівым не вызначыўся: трынаццаць гульняў і адзін гол – з такой статыстыкай “легіянеру” у камандзе нічога не “свяціла”. Пасля словаў Шапіры – тым больш…

 

Нікалас Сеалін (Nicolas Seolin) упершыню прыехаў у Гродна ў 2009 г. Паспеў тут знайсці сабе жонку. Затым з’ехаў гуляць у Венгрыю, вярнуўся перад пачаткам гэтага сезона ў “Нёман”, дзе меў стаць адным з асноўных гульцоў каманды. Не атрымалася…

 

За некалькі дзён да пачатку другой паловы чэмпіянату, у якой хлопцы Саладоўнікава збіраюцца пазмагацца за бронзавыя медалі, кіраўніцтва каманды вырашыла спыніць супрацу з бразільцам.

 

Obgerado e Adeus, Nicolas!

 

На здымку ўверсе: Нікалас у Беластоку. Вяртання не будзе?


Фота аўтара