Лепшыя маладыя спартсмены Гродна разлятаюцца па чужых краях

|

У свае 19 год Марыя Папова (на здымку ніжэй у цэнтры) паспела сёлета стаць чэмпіёнкай Беларусі і Балтыйскай лігі, узяць удзел у дарослым чэмпіянаце Еўропы (5-е месца) і адразу пасля яго – у моладзевым чэмпіянаце Еўропы (4-е месца). Еўрапейская федэрацыя баскетбола ўключыла гульца гарадзенскай “Алімпіі” у лік найлепшых маладых баскетбалістак кантыненту.

Пасля такога сезону ўтрымаць дзяўчыну ў Гродне выглядала нечым з разраду фантастыкі. У выніку для працягу кар’еры Марыя абрала бельгійскі “Намюр”. Каманда няхай сабе і не зорная, але такая, у якой дзяўчына напэўна будзе мець стабільную гульнёвую практыку на вачох у агентаў топ-каманд Еўропы.

 

Поспехі Наталлі Васілеўскай (22 гады) былі не такімі заўважнымі (2-е месца ў чэмпіянаце краіны), але яна таксама стабільна выклікалася ў зборную Беларусі па гандболе.

 

Ды і ў складзе “Гараднічанкі” Наталля ў апошнія сезоны была адной з лідарак, якая стабільна закідвала суперніцам па некалькі мячоў за сустрэчу.

 

“Легіянерскі хлеб” Наталля будзе есці цяпер у Францыі, выступаючы за тамтэйшы “Безансон”.

 

Каманда таксама зорак з неба не хапае, але ў плане росту спартыўнага майстэрства можа даць Наталлі многае, бо чэмпіянат Францыі нашмат мацнейшы за беларускі, у якім, па-сутнасці, толькі дзве моцныя каманды.

 

Якія яшчэ маладыя таленты з Гродна могуць у хуткім часе пакінуць краіну?

 

“Твой стыль” склаў свой суб’ектыўны рэйтынг-прагноз:

 

1. Артур Гаўрус, хакей. Малады нападнік (у студзені адзначыць 20-годдзе), які выхаваўся ў “Нёмане”, ужо некалькі год адгуляў у адной з заакіянскіх студэнцкіх хакейных лігаў. Цяпер па рэкамендацыі свайго агента, славутага савецкага хакеіста Ігара Ларыёнава, вырашыў год пагуляць у складзе мінскага “Дынама” у Кантынентальнай Хакейнай Лізе.

У актыве хлопца ўжо ёсць сёлетні дарослы чэмпіянат свету. Таму верагоднасць ад’езду ў наступным годзе гэтага таленту за мяжу (у ЗША ці ў Канаду) ацэнім на 80%

 

2. Анжаліка Барысевіч, валейбол. Студэнтка другога курса юрфаку гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэту мела феерычны сезон.

Сенсацыйная перамога ў складзе “Нёмана-ГрДУ” у чэмпіянаце краіны, удзел у нядаўнім чэмпіянаце Еўропы ў складзе жаночай зборнай Беларусі – для 18-ці гадовай дзяўчыны проста выдатныя дасягненні. Як правіла, за такімі дзяўчатамі ўважліва сочаць топ-менеджары вядучых каманд суседняй Расіі, а таксама далёкіх Казахстана і Азербайджана, якія ўжо спакусілі многіх нашых валейбалістак высокімі кантрактамі. Таму перашкодзіць ад’езду Анжалікі ў бліжэйшыя год-два з Гродна можа хіба што… якое моцнае гарадзенскае каханне! Мы ж ацэнім верагоднасць ад’езду Анжалікі з Гродна ў бліжэйшы год у 75%

 

3. Павал Савіцкі, футбол. Яшчэ год-два таму хлопца (на здымку ў зялёнай кашульцы) ледзь не штодня журналісты адпраўлялі то ў піцерскі “Зеніт”, то ў маскоўскае “Дынама” і г.д.

Павал, аднак, дагэтуль гуляе за “Нёман”. Трансферны кошт футбаліста складае зараз па ацэнцы сайта transfermarkt 625 тысяч еўра – вялікія па беларускіх і смешныя па расійскіх мерках грошы. Таму ўжо зімой гулец маладзёжнай зборнай Беларусі можа перабрацца ў адну з расійскіх каманд.

 

Верагоднасць ад’езда Паўла за мяжу ацэнім у 60%. А вось верагоднасць ад’езду ў барысаўскі БАТЭ, які даўно паклаў вока на гэтага таленавітага гульца – у 80%.

 

Гэта, безумоўна, далёка не ўсе маладыя таленты гарадзенскага спорту, якія ў бліжэйшыя год-два могуць з’ехаць з Гродна. Вялікія і малыя надзеі гарадзенскага спорту ад’язджалі і будуць ад’яжджаць у пошуках лепшай долі калі не за мяжу, то ў сталіцу.

 

Гарадзенскі спорт, які трымаецца найперш на дзяржаўных датацыях, проста не ў стане забяспечыць юным талентам добрыя кантракты і добрыя ўмовы для росту.