Алесь Дзянісаў заспявае супраць смяротнага пакарання
Акрамя Дзянісава, супраць смяротнага пакарання ў “Апошнім золку” выкажуцца Лявон Вольскі, Ганна Хітрык, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Наста Шпакоўская і Віктар Рудэнка.
Падрабязнасці праекта, прэзентацыя якога плануецца на пачатак кастрычніка, яго стваральнікі пакуль не раскрываюць.
Як распавёў “Твайму стылю” каардынатар “Апошняга золку” журналіст і прадусар Сяргей Будкін, дакладна вядомая толькі назва і склад удзельнікаў.
Праца над сцэнаром яшчэ не скончаная, – у якім фармаце выйдзе праект, будзе ясна праз тыдзень-другі.
Ён працягне традыцыі знакамітага “Народнага альбома”, праектаў “Я нарадзіўся тут” і “Сьвяты вечар”.
Алесь Дзянісаў:
– Я заспяваю песню, якую напісаў даўно. Яна супраць смяротнага пакарання, але не звязаная ні з якімі канкрэтнымі падзеямі.
У яе і назвы тады не было, напісаў і паклаў на паліцу.
А выклаў яе падчас падзей, звязаных з судом і расстрэлам гэтых хлопцаў (Канавалава і Кавалёва – К.К.), падзей, да якіх у мяне засталося шмат пытанняў.
Цяпер гэтая песня называецца “Калі ты націскаеш на спуск”.
Другую кампазіцыю Дзянісава папрасілі напісаць спецыяльна для праекта.
Гэта песня “1937”: музыка Алеся Дзянісава, словы – у суаўтарстве з Дзянісам Жыгаўцом.
А.Д.:
–Далі на выбар пару тэматаў.
Я выбраў тэмат сталінскіх рэпрэсій, як сімвал рэпрэсій у Савецкім Саюзе, бо не падзяляю рэпрэсіі на “ленінскія”, “сталінскія”, “хрушчоўскія”. Яны мелі розныя маштабы, але людзей забівалі і да, і пасля 1937 года.
Песня “1937” пра тое, як шмат нявінных людзей расстралялі.
Па задуме аўтараў “Апошняга золку”, кожны музыка-удзельнік праекта распавядзе пра адзін са спосабаў смяротнага пакарання.
Стваральнікі праекта спадзяюцца, што такім чынам змогуць прыцягнуць больш увагі да актуальнай для Беларусі тэмы.
Наша краіна застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе людзей караюць смерцю.