Жыццё ў трох частках без антракту. Прэм’ера на сцэне Гродзенскага драмтэатра
Амерыканская класічная п’еса Торнтана Уайлдэра, простая і складаная адначасова, напісаная ў 1938 годзе і адразу ж атрымала Пулітцэраўскую прэмію.
Пісьменнік аб’ядноўвае ў адзіную, амаль містычную, плынь жыцця побыт і быццё, канкрэтнасць і адасобленасць, мінулае і будучыню.
Спектаклі па п’есе “Наш гарадок” ставіліся прафесійнымі і аматарскімі тэатрамі ўсяго свету, і яшчэ ніколі – у Беларусі.
Сам Торнтан Уайлдэр казаў пра свой твор: “Гэта простая п’еса, у якой прысутнічаюць складаныя тэмы; і гэта найскладанейшая п’еса, дзе я з любоўю распавядаю пра прасцейшыя рэчы ў свеце.
Рэжысёр Генадзь Мушперт:
– П’еса ставілася ў самых розных канцах свету, у ўсюды, тэатры ставілі пра свой гарадок – у Грузіі пра Грузію, у Літве пра Літву.
Мы не хаваем, што дзеянне адбываецца ў Амерыцы, але гарадок Торнтана Уайлдэра неверагодна падобны на наш.
І тое, што наш горад мы называем гарадком, гэта яго ніколькі не прыніжае, а наадварот, мы прызнаем, што вось гэтая наша кампактнасць, утульнасць, тое, што мы – невялікі мегаполіс, гэта вельмі важна і трэба гэта асэнсоўваць, не забываць, і нават можна ганарыцца.
Пачатак спектакля 21 і 22 верасня ў 19 гадзін.
Кошт квіткоў – 40.000, 35.000, 30.000, 25.000 рублёў.
Даведкі па тэлефоне 72-34-27 (з 14.00 да 19.00).