Пасмяротную кнігу Юрыя Гуменюка прэзентуюць у дзень ягонага нараджэння
“Мой нонканфармізм – гэта альтэрнатыва афіцыёзу, сэрвільнасьці, сацыяльна-палітычнай кан’юнктуры і ўніфікацыі, а не традыцыі. Я нічога не зьбіраюся адмаўляць і разбураць. Мая задача – максымальна рэалізавацца ў дадзеным часе і прасторы, не зважаючы ні на што”, – гэтыя словы паэта сталі своеасаблівым эпіграфам да ягонага пасмяротнага зборніка.
Сюды ўвайшлі ў тым ліку вершы, якія Юры так і не паспеў прадставіць грамадскасці пры жыцці.
Павал Мажэйка, каардынатар “Гарадзенскай бібліятэкі”:
“Кніга “Назаві мяне геніем” – гэта своеасаблівы творчы, літаратурны помнік паэту ад сяброў, удзячных прыхільнікаў творчасці, калегаў. Ідэя сабраць пад аной вокладкай усе вядомыя вершы паэта Гумянюка паўстала ў першыя дні пасля смерці Юркі. Укласці кнігу ўзяўся сябра Юры – пісьменнік Алесь Аркуш, на вокладцы – карціна мастака Сяргея Грыневіча”.
Творчы калектыў, дзякуючы якому кніга “Назаві мяне геніем” убачыла свет, вырашыў не аддаваць яе ў продаж, а распаўсюджваць за ахвяраванні, якія пойдуць на помнік паэту. Прыдбаць кнігу можна будзе ў часе прэзентацыі.
Юры Гумянюк трагічна загінуў 19 студзеня 2013 года. Помнік на магіле паэта на гарадзенскіх могілках плануецца паставіць увесну.
Вечарына памяці Юрыя Гуменюка пройдзе 24 верасня а 18-ай гадзіне.
Уваход вольны.
З уступу Анатоля Брусевіча да кнігі “Назаві мяне геніем”: “ГАРАДЗЕНСКІ ДЭМІЮРГ” Юры Гумянюк – паэт наскрозь гарадзенскі. І ня толькі таму, што вобразна-матыўная парадыгма ягоных твораў увабрала ў сябе гукі, колеры, а нават пахі гэтага непаўторнага эўрапейскага гораду. Усе іньшыя ўзроўні мастацка-стваральнай прасторы гумянюкоўскіх тэкстаў таксама жывуць па літаратурных законах, якія дыктуе Гародня. А дыктуе яна вось што: 1) літаратура – не гульня; 2) літаратура – не вайна; 3) літаратура – ня бізнэс. Менавіта таму кожны радок, запісаны рукой Гумянюка, голасна сьведчыць, што іх паклікаў зь нябыту не гулец-версіфікатар, не ваяр-ідэёляг, не літаратар-мэнэджар, а дэміюрг. Так, Юры Гумянюк любіць мяняць маскі, і некаторым гэта можа падацца гульнёй. Аднак гарадзенскі дэміюрг мяняе маскі не дзеля забавы. Перад намі рытуал, абрадавая цырымонія, якая сымбалізуе шматаблічнасьць СЛОВА. Так, мы можам знайсьці ў спадчыне паэта сьмелыя вершы, якія нібыта вядуць бой з дзяржаўнай сістэмай, альбо варожай эстэтыкай. Аднак удумлівы чытач заўважыць: Юры Гумянюк не ваюе, бо ня служыць жаднай сістэме, жаднай ідэялёгіі. Ён, як сапраўдны гарадзенец, высока па-над імі, быццам па-над ф’ёрдам. |
||