Андрэя Пачобута неўзабаве чакае суд
Гаворка ідзе пра рашэнне Ленінскага раённага суда Гродна (суддзя Віталь Ляцко) ад 5 ліпеня 2011 г., які прызнаў Пачобута вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса і пакараў трыма гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.
Паводле арт. 77 ч. 7 Крымінальнага кодэкса РБ, пасля заканчэння “тэрміну адтэрміноўкі” зноў мае адбыцца суд, які можа:
– Вызваліць асуджанага ад прызначанага судом пакарання, “калі ў перыяд адтэрміноўкі асуджаны законапаслухмянымі паводзінамі даказаў сваё выпраўленне”;
– Падоўжыць адтэрміноўку выканання пакарання, калі асуджаны “праявіў імкненне да законапаслухмяных паводзінаў, але не ў поўнай меры даказаў сваё выпраўленне”;
– Накіраваць асуджанага для адбывання прызначанага судом пакарання, “калі асуджаны ў перыяд адтэрміноўкі не праявіў імкнення да законапаслухмяных паводзінаў”.
Як паведаміў журналіст прэс-службе ГА “БАЖ” 19 верасня, пакуль яму ні пра які судовы разгляд нічога не паведамлялі. “Гэта найбліжэйшымі днямі павінна адбыцца. Але, відаць, мяне ў апошнюю хвіліну паінфармауюць”, – мяркуе калега.
Нагадаем, што, паводле абвінавачання, на працягу 2010—2011 г.г. Андрэй Пачобут “паклёпнічаў” на А. Лукашэнку на старонках “Gazety Wyborczеj”, сайта “Белорусский партизан” і свайго блогу poczobut.livejournal.com.
Аналізавалі «крымінальныя» тэксты Пачобута выкладчык-філолаг Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Аляксей Нікіценка і двое супрацоўнікаў аддзела ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама — Павел Скрабко (загадчык) і Віктар Жалезняковіч (адказны за працу са СМІ).
А. Пачобута вызвалілі ў зале суда 5 ліпеня, але пад падпіску аб нявыездзе (з 6 красавіка 2011 г. журналіста ўтрымлівалі ў следчым ізалятары Гродзенскай турмы №1). Пачобут не прызнаў сябе вінаватым і паспрабаваў абскардзіць рашэнне суда. 20 верасня 2011 г. Гродзенскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу журналіста, і рашэнне набыло законную сілу.
Яшчэ адну крымінальную справу (паўторны паклёп на кіраўніка дзяржавы, ч. 2 арт. 367 КК РБ) завялі на Пачобута ўлетку 2012 г. У сакавіку 2013 г. справу спынілі ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях журналіста складу злачынства.
Фота http://gazetaby.com