Беларусь займае 60-е месца ў рэйтынгу якаснага старэння

|

Месца краін у рэйтынгу вызначалася з пункту гледжання матэрыяльнага дабрабыту сталых людзей, стану іх здароўя, магчымасцяў для працы і адукацыі, а таксама наяўнасці спрыяльнага для сталых людзей асяроддзя.

 

Даследваннем, распрацаваным Хэлпэйдж Інтэрнэшнл пры падтрымцы Фонда ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) былі ахопленыя 91 краіна, у якіх жыве 89% сталых людзей свету. Як адзначае Сільвія Стэфаноні, Галоўны выканаўчы дырэктар ХэлпЭйдж Інтэрнэшнл:

“- даючы нам лепшае разуменне якасці жыцця мужчын і жанчын у працэсе іх старэння, гэты новы Індэкс дапаможа нам засяродзіць нашу ўвагу на тым, дзе справы ідуць добра і дзе мы павінны паляпшаць сітуацыю”.

 

Дастаткова нізкае месца Беларусі абумоўлена кепскай пазіцыяй у рэйтынгу стану здароўя сталых людзей.

 

Па гэтым паказчыку нашая краіна займае аж 80 (з 91-го) месца, саступаючы, да прыкладу, Украіне, Расіі, Малдове, Гватэмале, Грузіі, Албаніі.

 

Месца той альбо іншай краіны па гэтым паказчыку выводзілася на аснове мяркуемай працягласці жыцця сталых людзей пасля 60 гадоў, таго, наколькі яны здаровыя ў такім узросце, а таксама суб’ектыўнай ацэнкі сталымі людзьмі свайго псіхалагічнага дабрабыту. 

 

Самую высокую пазіцыю (44-ю) ў Індэксе Беларусь мае па рэйтынгу матэрыяльнага дабрабыту сталых людзей. Тут, у прыватнасці, ацэньваліся ўзровень матэрыяльнай забяспечанасці сталых людзей у параўнанні з іншымі катэгорыямі насельніцтва, пенсіі і сацыяльная абарона, узровень беднасці.

 

Па гэтым паказчыку, да прыкладу, суседнія Літва і Украіна маюць адпаведна 50-е і 62-е месцы.

 

Больш высокімі маглі б быць пазіцыі Беларусі па паказчыках магчымасцяў для працы і адукацыі (тут мы на 57-м месцы) і наяўнасці спрыяльнага для сталых людзей фізічнага асяроддзя (52-е месца).

 

У апошнім паказчыку, у прыватнасці, ацэньваліся ўзровень грамадзянскіх свабодаў, якімі могуць карыстацца і сталыя людзі, даступнасць грамадскага транспарту, ступень сацыялізацыі сталых людзей. 

 

Вялікую ролю ў доступе сталых людзей да адукацыі, а таксама ў іх сацыялізацыі маглі б адыграць структуры, кшталту гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку”, які дзейнічае з красавіка 2010 г. пры грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар”.

 

На яго базе вядзецца сістэмная праца па паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, фізічную і сацыяльную актывізацыю. Сёлета слухачамі гэтай праграмы будуць каля 150 гарадзенцаў ва ўзросце ад 55 год і вышэй.

 

Такіх універсітэтаў, аднак, у Беларусі пакуль толькі 3 (у Брэсце дзейнічае Інстытут трэцяга ўзросту, а ў Мінску ў кастрычніку павінен пачаць працу Універсітэт Трэцяга Узросту). Для параўнання – у суседняй Польшчы сёння дзейнічае звыш 400 універсітэтаў трэцяга ўзросту…

 

Між тым, час прымушае і ўрад і грамадскасць краіны прадпрымаць рашучыя меры па адаптацыі да новай дэмаграфічнай сітуацыі. Ужо праз тры гады кожны чацьвёрты беларус будзе пенсіянерам. Да 2050 г., па прагнозах ААН, колькасць насельніцтва ў сталым узросце складзе ў Беларусі 35,8%.

 

Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва ўжо зараз у краіне жыве каля 150 тыс. адзінокіх сталых людзей.

 

Сусветны банк ужо некалькі год таму ўключыў нашую краіну ў лік рэзка “старэючых” краін.

 

Ужо ў бліжэйшыя гады ў краіне непазбежная рэформа пенсійнай сістэмы, паколькі існуючая будзе не ў стане забяспечыць годны стан жыцця пенсіянераў.

 

Медыцыне і сацыяльным службам трэба рыхтавацца да абслугоўвання ўсё большай колькасці сталых людзей.

 

Палітыкам – да таго, хто голас сталых людзей будзе ці не вырашальным на рознага кшталту выбарах.

 

З поўнай версійя Індэкса (па-ангельску) можна пазнаёміцца ў прапануемай намі ніжэй публікацыі. Для яе прагляду ў зручным для вас памеры “клікніце” яе, навёўшы курсор.

Прапануем вашай увазе таксама іншую цікавую інфаграфіку: