Суд адхіліў патрабаванні праваабаронцаў аб правядзенні пікету
Уладзімір Хільмановіч, Віктар Сазонаў і Раман Юргель яшчэ 19 ліпеня падалі гарадскім уладам заяўку, на якую атрымалі адмоўны адказ.
“Адказ мы атрымалі з парушэннямі, – адзначыў на судзе Хільмановіч, – згодна заканадаўству гарадскія ўлады нас маюць уведаміць аб сваім рашэнні не менш як за пяць дзён да пікету, які меў адбыцца 4 жніўня. Некаторым з нас адказы прыйшлі 1 жніўня, а Сазонаву наогул пасля 4-га”.
Суддзя Жана Краўчэня яшчэ на пачатку паседжання адхіліла хадайніцтва Хільмановіча аб фіксацыі працэса на беларускай мове. Гарвыканкам у судзе прадстаўляла юрыст Святлана Калеснік. Непасрэдна адмову падпісвалі ідэолаг Мамачкін, юрыст Булевіч, а таксама намесніца старшыні гарвыканкаму Зоя Кулеша.
Падставай для адмовы ў правядзенні пікету паслужыла тое, што праваабаронцы не заключылі ўгоды з міліцыяй ды службай аховы здароўя, а таксама не ўказалі гады свайго нараджэння ды не расшыфравалі ініцыялы непасрэдна ў заяве.
“Наш пікет меў праходзіць у Каложскім парку, – адзначыў Сазонаў, – колькасць удзельнікаў была пазначаная як дзесяць. На аўтобусным прыпынку больш людзей збіраецца, дык што, ім таксама трэба ўгоду з міліцыяй укладаць?”
Працэс трываў дзве з паловай гадзіны і скончыўся прадказальна для праваабаронцаў… скарга не была задаволеная.
align=”middle” alt=”Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Раман Юргель” >
“Сённяшнія суды даўно на баку ўлады, – пракаментаваў ужо на прыступках Хільмановіч, – перамагчы ў нейкім працэсе зараз было б сенсацыяй. Гарвыканкам пратэрмінаваў адказ, але нават на гэта не звярнулі ўвагі ані пракурор, ані суддзя”.
Характэрна, што ў тым самым судзе па вул. Даватара таксама на 15.30 было прызначана паседжанне па справе Анджэя Пачобута. Было гэта супадзеннем альбо два “нязручных” працэсы наўпрост хацелі сумясціць – невядома.