Чамадан – Вакзал – 100 баксаў
Узгадаўся неяк стары савецкі анекдот:
“Брэжнеў вырашыў адкрыць мяжу. Прасыпаецца на наступны дзень, глядзіць у вакно: пуста, няма нікога. Тэлефануе Суславу:
– Ну што, атрымліваецца, мы ўдвох з табой засталіся?!
– Ды не, Леанід Ілліч, я ў Францыі…”
Пытанне “100 баксаў” усё ж такі не столькі палітычнае ці эканамічнае, колькі экзістэнцыйнае. Нікога ўжо не здзіўляюць ідэі нашага мудрага кіраўніка, пад пытаннем застаецца іншае: колькі людзі здольныя трываць?
Уведзеная пошліна яўна будзе не апошняй кропляй – наперадзе яшчэ рэформа БПЦ! Тэарэтычна, заўтра кіраўнік можа наогул забараніць выезд у краіны “загніваючай дэмакратыі”, што прывядзе не да рэвалюцыйнага выбуху, як нехта мог падумаць, а да масавага бегства (праз Расею, Украіну, уплаў праз Буг…).
Што падобнаму кроку зможа супрацьпаставіць грамадсва? Петыцыі на change.org, дэматыватары ды мемы ў сацыяльных сетках, круглыя сталы з удзелам “палітыкаў ды экспертаў”?..
Нашага кіраўніка часта параўноўваюць то з Гітлерам, то са Сталіным, каб больш наглядна паказаць у якасці “абсалютнага зла”, але шукаць насамрэч трэба ва Усходняй Еўропе. Мне чамусці апошнім часам на думку ўсё часцей прыходзіць акурат Нікалаэ Чаўшэску…
Той таксама любіў браць пазыкі (урэшце дайшло да 20 мільярдаў), сябраваў з Кадафі, раздзьмуў неверагодны штат спецслужбаў “Секурытатэ” (па некаторых звестках у 1978 іх колькасць дасягунла 70 000), а калі прыйшоў час разлічвацца з пазыкамі аб’явіў аб увядзенні рэжыму “эканоміі і беражлівасці”: тэлебачанне працавала толькі 2-3 гадзіны ў дзень, а ў кватэры дазвалялася ўключаць толькі адну лямпачку ў 15 ват.
Дарэчы наконт выезду за мяжу: кожны румын мог набыць візу, якая, праўда, каштавала шалёных грошай. Знаёмы падыход? Не забараніць поўнасцю, а наўпрост паставіць неверагодную грашовую планку.
Нават яўрэі маглі ад’язджаць на Радзіму, але за гэта Ізраіль… безкаштоўна будаваў у Румыніі птушкафермы. Кожны яўрэй каштаваў канкрэтную суму, якая закладалася ў будаўніцтва. Такая супраца была выгаднай, таму Румынія не разарвала адносінаў з Ізраілем нават пасля вайны 1967 г., у адрозненні ад іншых краінаў сацлагеру.
Адносіны Чаўшэску са сваім “старэйшым братам” таксама падаюцца вельмі цікавымі ў параўнанні з сённяшняй Беларуссю. “Кандукатар”, як называлі Чаўшэску, часта дэманстратыўна сварыўся з СССР, а пасля ўдала выкарыстоўваў свой “дысідэнцкі імідж” перад краінамі Захаду ды Трэцяга свету. Ён умеў наладзіць стасункі і з яўрэямі, і з арабамі, і з капіталістамі, пры гэтым не выходзячы з Арганізацыі Варшаўскай Дамовы і застаючыся сацыялістам.
Ізаляцыяніст па сваёй сутнасці, Чаўшэску ўпарта лічыў, што толькі з дапамогай гнуткай знешняй палітыкі ягоная слабаразвітая аграрная краіна зможа выжыць. Трэба проста ўсіх перахітрыць…
Унутраны тэрор “Секурытатэ”, паводле некаторых даследчыкаў, быў не заўжды прамым гвалтам, а часцей нагнятаннем страху. “Уявіце сабе агромністы апарат, які распускае чуткі, наводзіць жах і створаную ім атмасферу, дзе людзі баяцца, што калі яны дапусцяць найменшую памылку, то знікнуць без слядоў… самай выбітнай была чутка пра тое, што кожны чацвёрты румын з’яўляецца даносчыкам…” – так характэрызаваў “Секурытатэ” яе былы супрацоўнік, які збег на Захад у 1987. Самакантроль ахвяры – заўжды больш надзейны за кантроль звонку.
Як і наш мудры кіраўнік, Чаўшэску захапляўся Кітаем (нашмат больш чым Расіяй) і лічыў яго прыкладам эканамічнага росту і лаяльнасці насельніцтва – без усялякай “дурной дэмакратыі”. Як і нашага мудрага кіраўніка, Чаўшэску лічылі на пачатку выпадковай кампраміснай фігурай, якая доўга не затрымаецца на першай пасадзе. У выніку Чаўшэску кіраваў 24 гады…
Дарэчы, вам не траплялася апошнім часам забаўная чутка пра “абавязковую прысягу на вернасць прэзідэнту” для ўсіх грамадзян РБ на нядаўна адкрытай плошчы Дзяржаўнага сцягу ў Мінску? Дык вось, для Чаўшэску падобнае пафаснае свята “У абарону Сацыялізму” у 1989 стала апошнім: у пэўны момант людзі на Дварцовай плошчы ў Бухарэсце замест хвалебных лозунгаў нечакана пачалі крычаць: “Далоў тырана!” ды “Далоў камунізм!”…
align=”left” alt=”Алесь Кіркевіч” >
Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”
Іншае аўтара:
“У Францыі таксама жывуць палякі?”