Ад сімвалу смерці да сімвалу жыцця

| Без катэгорыі

Выстава прысвечана гісторыі крыжа ў жыцці розных канфесій Беларусі і беларускай культуры з ХІ па ХХ ст. У экспазіцыі прадстаўленыя нацельныя крыжы розных часоў, крыжы-ўзнагароды, драўляныя народныя распяцці, праваслаўныя іконы, а таксама  карціны ды барэльефы з касцёлаў Гарадзеншчыны.

“Найбольш старадаўнія прадметы, – распавядае аўтар выставы, старэйшы навуковы супрацоўнік Сяргей Казуля, – гэта фрагменты нацельных крыжоў-энкальпіёнаў ХІ-ХІІІ ст. Таксама варта звярнуць увагу на ікону “Аплаківанне Хрыста”: яна напісаная недзе ў 1840-х гадах, пасля скасавання Уніі, але цалкам захавала грэка-каталіцкі ізвод”.

Большасць экспанатаў паходзяць са збораў музею, але некаторыя і з прыватных калекцый гарадзенцаў.

“З пункту гледжання сімвалаў, крыж надзвычай цікавы як метамарфоза, – працягвае Казуля, – бо пераўтварыўся фактычна з сімвалу смерці ў Рымскай імперыі ў сімвал жыцця ў хрысціянтве. Таму сімвал крыжа і ягоная таямніца назаўжды застануцца невычарпальнай тэмай для даследчыкаў”.

Выстава “Таямнічая сіла крыжа” ў Музеі гісторыі рэлігіі будзе чакаць наведвальнікаў да пачатку снежня.

 

Здымкі Яна Лялевіча