Выстава Еўрарэгіён “Нёман”: міжнародны складнік стабільна змяншаецца
Хоць выстава і носіць статус міжнароднай, аднак ужо даўно пераважная большасць яе ўдзельнікаў – з Гарадзеншчыны.
На адкрыцці намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Русанаў адзначыў, што выстава ладзіцца, каб паказаць патэнцыял Гарадзеншчыны, якая ганарыцца сваімі дасягненнямі.
Старшыня гарвыканкама Андрэй Худык прывітаў наведвальнікаў выставы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. “Я ўпэўнены, што нам ёсць аб чым весці дыялог, – адзначыў ён. – Мы зацікаўлены ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў новых пакаленняў – энэрга- і рэсурсазберагальных, экалагічных і сацыяльных. Гродна гэтыя некалькі дзён знаходзіцца ў вашым распараджэнні, але не забывайцеся, што вы ў гасцях. А мы зробім усё, каб вы памяталі аб гэтым”.
Міжнародны ўзровень выставы падтрымлівалі турыстычны стэнд Літвы (Алітускі раён), Еўра Інфа Кансультацыйны Цэнтр з Калінінграда, арганізацыі, што маюць сумесную з замежнікамі вытворчасць, ды аўтамабілі Geely як вынік кітайска-беларускага супрацоўніцтва (на здымку ніжэй).
Намеснік гендырэктара Цэнтра інфармацыйнага забеспячэння бізнэса “ІНОК” (Калінінград) Галіна Траццякова расказала, навошта яны ўдзельнічаюць у Еўрарэгіёне: “Хочам абмяняцца кантактамі, дзелавой інфармацыяй. Думаю, мы можам прапанаваць цікавыя тэхналогіі. Тым больш, нашыя рэгіёны знаходзяцца даволі блізка”. Яна мяркуе, што цікавасць да паслуг Цэнтра ёсць, бо гарадзенцы добра знаёмыя з Калінінградам і больш давяраюць расійскім кампаніям, чым, напрыклад, польскім ці літоўскім.
Беларуская фірма “Тайфун”, што належыць да міжнароднай групы “Атлас”, займаецца вырабам будаўнічых сумесяў. Дырэктар Дзмітрый Курыла расказаў пра перавагі, якія мае іх фірма, дзякуючы супрацоўніцтву з Польшчай. Па яго словах, фірма атрымоўвае доступ да найноўшых тэхналогій вытворчасці, навінкі з’яўляюцца найперш у іх фірме, таму вытворчасць адпавядае еўрапейскім стандартам якасці. Фірма з’яўляецца рэзідэнтам СЭЗ “Гроднаінвест”, і дзякуючы гэтаму мае шэраг падатковых ільгот.
Галоўнай мэтай існавання еўрарэгіёна “Нёман” з’яўляецца пашырэнне гандлёва-эканамічных сувязяў паміж дзяржавамі на памежжы і пошук варыянтаў найбольш паспяховага супрацоўніцтва. Аднак, сярод буйных мерапрыемстваў еўрарэгіёна можна адзначыць хіба толькі аднайменную выставу. Застаецца пытаннем, ці дасягае гэты кірмаш пастаўленай мэты пры ўдзеле ўсяго некалькіх замежных арганізацый сярод каля 140 беларускіх.
Для параўнання, у іншых беларускіх еўрарэгіёнах “Азёрны край”, “Буг”, “Белавежская пушча”, “Днепр” колькасць транспамежных праектаў вылічваецца дзясяткамі.
Глядзі таксама фотарэпартаж з першага дня выставы Еўрарэгіён “Нёман” 2013 | ||
Здымкі Яна Лялевіча