Ці паедзе гродзенскае малако ў Казахстан?

|

Акцыянернае таварыства “Слонімскія малочныя прадукты”, напрыклад, пасля забароны ўвозу малочных вырабаў прадпрыемства на Расійскую тэрыторыю разглядае магчымасці прадаваць сваю прадукцыю Украіне, а, магчыма, і Казахстану.

З пачатку года прадпрыемства паспела адгрузіць у Расію 1589 тон масла, сыру, тварожных вырабаў і сухога малака – на 18% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага году.

Сёння спецыялісты прадпрыемства таксама спадзяюцца, што, як мінімум 2 гатункі масла і тварог вытворчасці “Слонімскіх малочных прадуктаў” у хуткім часе зноў трапяць на сталы расіян.

Дырэктар прадпрыемства паведаміў, што атрымаў у Бранскай ветэрынарнай лабараторыі падцвярджэнне выдачы сэртыфіката якасці на гэтыя прадукты.

Экспарт Гродзенскай вобласці ў Расію на 23% складаецца з малочнай прадукцыі. За першыя чатыры месяцы года гродзеншчына нагандлявала на пастаўках малака ў Расію 38 міліёнаў долараў. Пры гэтым пастаўкі малочнай прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года ўжо вясной знізіліся на 37%.

Паводле матэрыялаў БелТА