На 3 кастрычніка ў гарадзенскіх школах і бальніцах прызначана эвакуацыя

|

Паводле прэс-службы Гродзенскага абласнога упраўлення МНС, у аперацыі “Эвакуацыя” будуць удзельнічаць больш за 850 установаў і каля 200 тысяч чалавек.

 

Вучэнні распачнуцца па сігнале “Пажар”, – адначасова спраўдзяць і сістэмы апавяшчэння ў школах, бальніцах  і інтэрнатах.

Вынікі вучэнняў гродзенскія выратавальнікі абмяркуюць з персаналам кожнай установы, зробяць высновы пра ступень падрыхтаванасці супрацоўнікаў, дакладнасць дзеянняў і  рэальнасць самога плана эвакуацыі, дадуць парады.

 

Супрацоўнікі МНС спадзяюцца, што ў выпадку рэальнай пагрозы гэта дапаможа людзям своечасова адрэагаваць і пазбегнуць чалавечых ахвяр.

 

Аперацыя “Эвакуацыя” апошнія тры гады ладзіцца ў Гродне штогод.

 

Сёлета выратавальнікі падрыхтавалі сюрпрыз для выхаванцаў Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.

Дзяцей не толькі навучаць карыстацца вогнетушыльнікамі, але прадэманструюць як працуе баявая тэхніка і абсталяванне МНС.

 

Паводле http://mchs.gov.by