Гарадзенскі ўніверсітэт для сталых распачаў чарговы навучальны год
Сутнасць праграмы ў тым, што людзі сталага веку выкарыстоўваюць свой час на карысныя для сябе і грамадства справы: наведваюць гурткі, майстар-класы, курсы, займаюцца дабрачыннасцю. Падобныя ўніверсітэты для “дарослых” студэнтаў працуюць паўсюдна ў свеце, у Беларусі ж гарадзенскі досвед стаў першым – толькі пасля з’явіліся аналагі ў Мінску і Брэсце.
“Мы ўспрымаем нашых сталых людзей як актыўных суб’ектаў, якія могуць арганізаваць, могуць падзяліцца досведам, могуць яшчэ шмат чаго карыснага зрабіць для гэтай краіны, – тлумачыць кіраўнічка праграмы Лана Руднік. – Мы заўжды паўтараем: праграма робіцца не для вас, а з вамі – у гэтым прынцыповае адрозненне ад падобных сацыяльных праграм у Беларусі.”
Мерапрыемства адкрывае старшыня Рады УЗВ Марыя Станіславіч: “У добры шлях, мае дарагія!” Заля, разлічаная на 200 месцаў, забітая цалкам: прыходзіцца даносіць лаўкі з калідору. Большасць прысутных – жанчыны.
“Мы не разлічвалі, што вас будзе так шмат, – з усмешкай здзіўляецца рэдактар сайта УЗВ Вітаўт Руднік, – гэта больш, чым у мінулым годзе, у некаторыя секцыі запісалася па 50-60 чалавек… Гэта сведчыць аб тым, што наша справа запатрабаваная.”
Калі ў 2010 годзе праграма толькі стартавала, яна мела шэсць секцый, зараз – 24 (пры гэтым на некаторым навучанне вядзецца на двух узроўнях). Асартымент на любы густ: фотамастацтва, тэатр, мода і стыль, гісторыя і краязнаўства, садаводства, кампутар, асновы прыватнага бізнесу, родная і замежныя мовы, йога – гэта далёка не поўны спіс.
Вядучыя па чарзе прадставілі выкладчыкаў розных курсаў: са сцэны гучалі, акрамя беларускай, польская, ангельская, нямецкая, італьянская і нават… эсперанта! Дарэчы, сёлета выйшаў першы нумар часопісу праграмы з сімвалічнай назвай – “УЗВышша”.
“Чаму я запісалася ва УЗВ? У мяне такая ўстаноўка па жыцці: чым больш новага, тым цікавей жыць, – дзеліцца ўражаннямі студэнтка сёлетняга набору Таццяна, – акрамя гэтага у мяне з’явілася шмат вольнага часу, які я хачу прысвяціць самаразвіццю.”
У канцы вечару навучэнка ўніверсітэта Таццяна Харчанка сыграла на скрыпцы некалькі вядомых кампазіцыяў. Адну з іх – “Гарбата ўдвох” – на знак удзячнасці, прысвяціла каардынатарам праграмы Лане і Вітаўту Руднікам.
Здымкі Анэлі Нядзведзіч