Гродзенскі заапарк запрашае школьнікаў у Клуб юнатаў
Для заняткаў юных натуралістаў пабудавана асобны двухпавярховы дом.
На першым паверсе жывуць кролікі, марскія свінкі, хамячкі, пацукі, вуж і іншыя насельнікі жывога кутка. На другім праходзяць заняткі.
Загадчыца навукова-асветніцкага аддзела заапарка Алена Пятрова распавядае, што Клуб юнатаў з’явіўся тут яшчэ ў 1950-ым годзе і з тае пары спыняў працу толькі на год, калі ў часе рэканструкцыі разабралі будынак для заняткаў.
Заняткі з дзецьмі праводзіць навуковы супрацоўнік заапарку.
Спачатку – тэорыя. Жывёльны свет планеты юнаты вывучаюць падрабязна і паслядоўна: ад жамяр да прыматаў.
У часе тэматычных экскурсій па заапарку дзецям падрабязна распавядаюць пра жыццё жывёл, паказваюць, як гатуюць для іх ежу, як працуе ветэрынар.
Юнаты ўдзельнічаюць у экалагічных гульнях, разгадваюць рэбусы і красворды, дапамагаюць супрацоўнікам заапарка рыхтаваць святочныя праграмы для наведнікаў, разам святкуюць дні народзінаў.
Да таго ж тыя, хто наведвае Клуб юнатаў, атрымліваюць права бясплатнага ўваходу на тэрыторыю заапарку.
Навучанне вядзецца ў чатырох групах для вучняў 4-8 класаў.
Дзеля зручнасці занятых сярод тыдня дзяцей юнацкія сустрэчы прызначаюцца на выходныя дні.
Заняткі бясплатныя.
Запіс у Клуб юнатаў Гродзенскі заапарк працягвае да 20 кастрычніка (з 10 да 17 гадзін).
Для таго, каб стаць юнатам, спатрэбіцца пісьмовы дазвол бацькоў.
Здымак http://www.grodnozoo.by