“Сучасны японскі дызайн” прыехаў у Гродна

| Без катэгорыі

Наведвальнікі выставачнай залы па вуліцы Ажэшкі з 4 кастрычніка маюць мажлівасць пабачыць 100 прыкладаў японскага дызайну: фотаапараты Fuji, радыёпрымач Sony і нават скутэр  Honda – сабраныя ў адным месцы і пад адной шыльдай – “Зроблена ў Японіі”. Прадметы, якія з 1990-х увайшлі ў наша паўсядзённае жыццё, сталі экспанатамі выставы ў рамках фестываля “Японская восень у Беларусі-2013”.

“Мы вельмі радыя, што ў рамках фестывалю ў нас ёсць мажлівасць паказаць жыхарам Гродна гэтую выставу, – заўважыў спадар Сігэхіра Міморы (на фота злева), – паказаць асаблівасці дызайну побытавых прадметаў Японіі, а таксама трошкі азнаёміць вас з ладам жыцця і светаўспрымання японцаў”.

Перасоўная выстава патрапіла ў Гродна з Кіева, ад нас паедзе ў Мінск, а затым у Кёльн. Яе арганізатары – Японскі фонд і пасольства Японіі ў Беларусі сумесна з Міністэрствам замежных спраў Беларусі і гарадскімі ўладамі Гродна.

Выставу можна будзе наведаць да 20 кастрычніка.

 

Здымкі Анэлі Нядзведзіч