У самым вялікім беларускамоўным класе ў Гродне вучыцца 5 дзяцей

У гродзенскую сярэднюю школу № 34 я прыехала пазнаёміцца з пяцёркай «навабранцаў».

Мяне сустрэлі намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Вітко і Андрэй Гудач.

 

Перш за ўсё я пацікавілася: «Ці павінны бацькі пытацца ў свайго дзіцяці, на якой мове яно хоча вучыцца?»

Алена Антонаўна кажа, што так, але «калі ў сям’і размаўляюць на беларускай мове, такое пытанне нават не ўзнікае».

«Але дзіцё маленькае», – заўважыла я.

«Дзіця ў 6-7 год ужо асоба, – пярэчаць мне. – Таму трэба ўлічваць яго жаданні і ўважліва да іх ставіцца. Канешне, бацькі ведаюць лепш, але, на маю думку, яны павінны раіцца з дзецьмі», – рэзюміравала намеснік дырэктара.

 

Далей мы паразважалі пра тое, ці трэба тлумачыць дзецям, чаму на беларускай мове размаўляюць адзінкі.

«Бацькі павінны гэта рабіць. Калі я грамадзянін краіны, то мой абавязак – ведаць сваю мову, перадаваць і расказваць пра яе дзецям», – выказала свае меркаванні Алена Вітко. «Мова нашых продкаў – беларуская. Кожны жыхар павінен ведаць яе, каб яна не знікла», – дадаў Андрэй Гудач.

Алена Антонаўна прызналася, што ў хаце часта размаўляе на беларускай мове.

Дзякуючы гэтаму яе сыны з лёгкасцю падтрымліваюць дома гаворку па-беларуску. Андрэй Мікалаевіч зазначыў, што яго дзеці, калі наведваюць бабулю і дзядулю ў вёсцы, размаўляюць з імі на беларускай мове.

 

Я спытала: «Чаму бацькі не аддаюць сваіх дзяцей у беларускамоўны клас?» Алена Антонаўна назвала дзве прычыны, па якім большасць бацькоў выбіраюць рускі, а не беларускі клас: у нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы; бацькі хочуць, каб іх дзеці вучыліся на той мове, што і яны ў дзяцінстве. Андрэй Гудач кажа, што руская мова ва ўсіх навучальных установах больш пашыраная.

Напрыканцы нашай гутаркі Алена Антонаўна сказала, што дзіця, якое навучаецца цалкам па-беларуску, будзе ведаць і беларускую, і рускую мовы лепш за іншых вучняў.

 

Пагутарыла я і з маленькімі вучнямі.

Высветлілася, што з мамай і татай у хаце адныя размаўляюць па-беларуску, другія – па-руску.

Настаўніца Галіна Мікалаеўна Данільчык патлумачыла, што сярод бацькоў ёсць і тыя, хто карыстаецца рускай мовай, але ім раяць гаварыць на беларускай, каб прывіць яе дзіцяці.

З сябрамі на вуліцы дзяўчаты і хлопчыкі размаўляюць як па-руску, так і па-беларуску. Галіна Мікалаеўна не сумняваецца, што яны навучаць сяброў беларускай мове.

 

Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алесь Крой паведаміў, што за апошнія 13 гадоў беларускі клас у Гродна з’явіўся ў 2010 годзе дзякуючы намаганням бацькоў.

Летась толькі адзін вучань пайшоў вучыцца па-беларуску ў школу № 32.

 

На сёння ў горадзе ўжо 13 чалавек вучацца  на беларускай мове ў школах і 14 – у дзіцячым садку № 45.  На пачатак навучальнага года ў двух першых беларускіх класах г. Скідзеля і в. Путрышкі было 14 вучняў.