Будынак Следчага камітэта аднавілі ў рэкордны тэрмін
Гарадскія ўлады ў мінулым годзе выдзялілі на перабудову колішняга адміністрацыйнага будынка “Гроднатэкстыля” 32 млрд рублёў.
Па меркаванні старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Худыка, будынак, абсталяваны сучаснымі тэхналогіямі, будзе дапамагаць следчым больш якасна выконваць сваю працу. Асноўная задача камітэта – аператыўна праводзіць папярэдняе расследаванне крымінальных спраў.
Прысутны на адкрыцці намеснік старшыні Следчага камітэта Беларусі Сяргей Буйноўскі пажадаў супрацоўнікам маладой структуры мець як мага менш працы ў новым будынку.
Па адрасе Горкага, 121 цяпер знаходзяцца ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці і Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта. Сёння толькі ў Гродзенскай вобласці структуры СК размешчаны так кампактна. Калі следчыя асвояцца ў новай сядзібе, кіраўніцтва разгледзіць магчымасць выдзялення ў будынку месца і для супрацоўнікаў судмедэкспертызы.
Падчас цырымоніі адкрыцця людзі, якія спрычыніліся да развіцця следчага камітэта ў Гродзенскай вобласці, атрымалі ўзнагароды. Курсанты ваеннага факультета Гродзенскага ўніверсітэта падрыхтавалі для навасёлаў адмысловы выступ.
Нагадаем, што рашэнне аб стварэнні ў Беларусі Следчага камітэта глава дзяржавы прыняў два гады таму.