Такі “Халон” нам не страшны (абноўлена)
Прыехалі без веры ў перамогу, дамовіўшыся з кіраўніцтвам гарадзенскай каманды згуляць абедзьве сустрэчы кваліфікацыйнага турніру еўрапейскага Кубка Кубкаў у Гродне.
Сустрэчу такога рангу прымаў абшарпаны спорткомплекс “Вікторыя” на вул. Гагарына.
Які ўжо раз даводзіцца пісаць пра тое, у якіх ганебных для ХХІ стагоддзя і для краіны, якая на словах так дбае пра спорт, умовах даводзіцца прымаць сваіх гасцей нашым гандбалістам, валейбалістам, баскетбалістам.
Шэрыя аббітыя бляхай сцены, дапатопныя дыванкі перад дзвярыма, аб якія, як вынікала з надпісу на дзвярах, трэба было выціраць ногі, нязручныя і вузкія шэрагі крэслаў для гледачоў, аб ногі якіх баяцца зачапіцца спарцмены. Ну няўжо так складана трансфармаваць даваемыя ўжо дзесяцігоддзямі абяцанні збудаваць новы палац гульнёвых відаў спорта ў справу?
Ну але вернемся да гульні. Ізраільскія дзяўчаты ўразілі яшчэ на размінцы сваёй непасрэднасцю: смяяліся, жартавалі, учынілі авацыі з песнямі аднаклубніцы, якая ў гэты дзень святкавала свой дзень народзінаў.
Нашыя на іх фоне выглядалі як беларусы ў тралейбусе: засяроджана-пахмурна, з рэдкімі ўсмешкамі на вачох.
Першымі закідаваюць госці. Нашы лік параўноўваюць і зноў прапускаюць. Гэта апошні эпізод у сустрэчы, калі наперадзе ізраільцянкі.
Затым стараннямі найперш Юліі Булавы, Таццяны Бобрык і цемнаскурай Крысціны Азолінай гарадзенкі з кожнай хвілінай нарошчваюць перавагу.
Калі б не брамнік-калабок “Халона” Элінор Кацыр (на здымку вышэй), лік ужо ў першай палове быў бы катастрафічным для гасцей, якія нібы гарох ад сценкі раз за разам адскокваюць ад высачэзных беларусак і валяцца на зямлю.
Пасля першага тайму 17-7 на карысць гаспадынь, але трэнер “Гараднічанкі” Сяргей Камбур мае прычыны быць незадаволеным некаторымі са сваіх падначаленых. У выніку той-сёй пасля перапынку да канца гульні прасядзеў у слязах на лаве запасных.
На другую палову беларускі выходзяць у амаль цалкам абноўленым складзе (з лідэрак каманды на пляцоўцы толькі Валянціна Янкоўская, якая адпачывала амаль увесь першы тайм).
Маладзенькія гарадзенкі стараюцца, хвалююцца, не трапляюць у чужую браму з выгодных становішчаў, робяць дзіцячыя памылкі ў абароне, але перавага “Гараднічанкі” працягвае расці. Ізраільскія дзяўчаты зусім стаміліся і часам выглядаюць зусім разгубленымі. Пры гэтым, аднак, не забываюць гучна радавацца кожнаму закінутаму мячу.
Фінальная сірэна фіксуе перамогу “Гараднічанкі” з лікам 33-15.
Другая сустрэча, якую каманды згулялі 6 кастрычніка ў той жа “Вікторыі”, прынесла гарадзенкам яшчэ больш буйную перамогу (41-18).
На наступнай стадыі турніру ўжо гарадзенкі адчуюць сябе ў ролі вучаніц. Волей лёсу ім давядзецца гуляць у лістападзе з адной з наймацнейшых каманд Еўропы – венгерскім “Веспрэмам” (Veszprem).
Вельмі верагодна, што абодва разы ў гасцёх, бо весці сюды каманду такога ўзроўню без шансаў на перамогу над ёй кіраўніцтва клуба наўрадці захоча.
5-6 кастрычніка. Кваліфікацыйны матч Кубка Кубкаў. “Гараднічанка” – “Халон”, Ізраіль 33-15, 41-18
Фота аўтара