Старадаўні гранітны слуп выкапалі на Дзяржынскага

|

Літаральна ў 20 метрах ад прыпынку “Цэнтар занятасці” на працягу апошніх дзён можна назіраць дзіўны, на першы погляд, выцягнуты каменны прадмет у метр даўжынёй. Калі падысці бліжэй і прыгледзецца, акажацца, што гэта гранітны слуп, які, мажліва, быў некалі ўкапаны каля аднаго са старых дамоў.

“Такія слупы выконвалі падвойную функцыю, – каментуе гісторык Андрэй Вашкевіч, –  калі іх ставілі ў браме (як на Новым замку), то для таго, каб карэты і павозкі не зачапіліся выступаючымі часткамі – напрыклад ліхтаром – за браму і бралі вугал заезду бліжэй сярэдзіны брамы. Зверху яны мелі адтуліну, куды ўстаўсялўся ланцуг, якім перакрывалі ўезд, не закрываючы брамы – своеасаблівы шлакбаўм”.

 

Слуп, адкапаны будаўнікамі, меў дзірку збоку, таму гэта мог быць і слуп пра браме, і элемент пастаяннай агароджы – слупы злучаныя ланцугамі. На былой вуліцы Сапёрнай (зараз Дзяржынскага) забудова існавала з часоў Тызенгаўза, таму слуп можа датавацца і XVIII, і ХІХ стст. – для дакладнага вызначэння варта даследваць старыя планы, малюнкі, фотаздымкі.

 

Як мяркуе Вашкевіч, слуп можна было б паказваць турыстам як цікавую адметнасць старога горада.

…Дарэчы, акурат у той момант, калі мы з калегам аглядалі слуп, побач праходзілі двое – ці тое прараб з будаўніком, ці проста двое працоўных, адзін пасміхнуўся ў наш бок:

 

– Падабаецца камень?

– Так.

– Мой!

– Дык дзяржаўны ж…

– Не-а, я яго сабе забяру!..

 

З гэтымі словамі субяседнікі схаваліся за рогам суседняга дому. …Няўжо рэдкі помнік і патэнцыйны турыстычны аб’ект асядзе ў кагосці на дачы? Ягоны лёс зараз цалкам залежыць ад аператыўнай рэакцыі гарадскіх улад.