У Гродне прэзентавалі нарыс баявых дзеянняў паўстання 1863
Аўтар кнігі гарадзенец Зміцер Матвейчык так ахарактарызаваў выбар тэмы:
“Ваенным бокам тых падзеяў у нас цікавяцца мала. Больш пішуць пра Каліноўскага, “Мужыцкую праўду”, але з’яўляецца пытанне: а дзе ж тут паўстанне?”
Аўтар адзначыў, што паўстанню прысвечаны тысячы артыкулаў, але комплексных прац амаль няма. Факталагічная частка ў іх аўтараў таксама, на жаль, распрацаваная не лепшым чынам.
Выхад кніжкі менавіта зараз абумоўлены 150-годдзем пачатку паўстання:
“Такая літаратура зараз запатрабаваная шырокай грамадскасцю, – працягвае Матвейчык, – менавіта грамадскасцю, а не вузкім колам навукоўцаў. Таму нарыс і атрымаўся папулярным”.
Асаблівай увагі заслугоўвае афармленне кнігі, якая выдадзена на крэйдавай паперы ды аздоблена шматлікімі каляровымі ілюстрацыямі. Акцэнт рабіўся на малавядомых выявах, у тым ліку гравюрах з французкай прэсы 1860-х, якія сёлета патрапілі ў Беларусь.
Аўтар выкарыстоўваў як друкаваныя крыніцы (мемуары ў тым ліку), так і архіўныя матэрыялы. Сам Матвейчык працуе ў Нацыянальным архіве ў Мінску, адкуль і паходзіць большасць дакумантаў, выкарыстаных у кнізе.
Сярод прыстутных на прэзентацыі былі разыграныя падарункі ад кампаніі “Будзьма”, якая прымала ўдзел у выданні манаграфіі.
На пытанне з залу: “Ці будзе кніга выдадзеная па-расейску для чытача з Расеі?”, адказаў Мікалай Плавінскі, адзін з заснавальнікаў кніжнай серыі:
“У Расеі няма праблем з беларускай мовай – падобныя выданні там цудоўна разыходзяцца. Магчыма, выдадзім па-польску, а калі дарасцем – будзем выдаваць па-ангельску”.
Папярэдне аналагічная прэзентацыя адбылася ў Гомелі, рыхтуюцца дзве наступных – у Брэсце і, мажліва, Мінску. Сталіца, як пажартавалі арганізатары, гэтым разам займае не прыярытэтнае становішча.
Здымкі Яна Лялевіча