“Тэатр Лукашэнкі”: першая польская рэцэнзія на кнігу Анджэя Пачобута

|

З усіх еўрапейскіх посткамуністычных краін толькі ў Беларусі ўлада не змяняецца. За апошнія 20 гадоў Польшча мела чатырох прэзідэнтаў, Расія – трох, Украіна – чатырох, Літва – пяцёра. Толькі Беларусь нязменна мае аднаго лідара – Аляксандра Лукашэнку.

 

Ён займае сваю пасаду ўжо 19 год і можа смела паўтарыць знакамітыя словы Людовіка XIV: “Дзяржава гэта я”. Калі ў 1994 годзе Лукашэнка ў якасці дырэктара саўгаса пачынаў сваю вялікую палітычную кар’еру, нікому нават не снілася, што ён цалкам возьме пад кантроль грамадскае жыццё ў Беларусі. Сёння яго партрэт вісіць у кожнай дзяржаўнай установе. З таго, што ён зрабіў ці які дакумент падпісаў, пачынаюцца ўсё беларускія навіны ў тэлебачанні.

 

У Польшчы, між тым, распаўсюджана меркаванне, што дыктатура гэта знікаючая з’ява – адзначае у сваёй кнізе “Сістэма Беларусь” Анджэй Пачобут, журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі. “Дыктатура гэта Сталін і Гітлер, гэта Польская Народная Рэспубліка, то бок – ужо далёкая гісторыя. Аднак хопіць праехаць нейкія 200км на ўсход ад Варшавы, каб трапіць у зусім іншае вымярэнне – у краіну, дзе выбары фальсіфікуюцца, дзе нішчаць незалежныя СМІ, і лідараў апазіцыі кідаюць у турмы. Такім чынам можна трапіць у месца, дзе дыктатура гэта штодзённасць”, – звяртае ўвагу журналіст

 

Кніга Пачобута чымсьці нагадвае папулярны фільм “Мільянер з трушчоб”. У 1994 годзе звычайны сельскі настаўнік Аляксандр Лукашэнка паставіў усё на адну карту, але замест мільёна выйграў усю краіну ў цэнтры Еўропы. З тых часоў свет стаў асацыяваць Беларусь з імём аднаго чалавека, які гуляе галоўную ролю ў самастойна створаным тэатры.