“Пералом? Прыходзьце праз тыдзень…”

|

…Пасля побытавай траўмы (на нагу ўпала табурэтка з металічнай акантоўкай), калі нага пачала апухаць, вырашыла нарэшце запісацца да хірурга ў Першую гарадскую паліклініку па вул. Лермантава.

 

Па-першае, у чарзе давялося чакаць каля гадзіны: перада мной чакалі людзі, якія самі мелі пайсці ўжо гадзіну таму. У чым справа? Аказалася, час, адведзены на аднаго хворага скарацілі з 12 хвілін да 8. Гэта не цяжка вылічыць, супаставіўшы інтэрвалы на талонах суседзяў па чарзе. Пытанне: няўжо рэальна можна выслухаць і дапамагчы чалавеку за 8 хвілін?

 

Лекарка апынулася маладая, уважлівая. Адзначыла, што мажлівы пералом, таму выпісала напраўленне ў 101 кабінет на рэнтген: “Рабіце здымак, калі пацвердзіцца – прыходзьце, накладзем гіпс.”

 

Аднак, не ўсё так проста: аказваецца, рэнтген у паліклініцы не працуе і ў 101 кабінеце змогуць усяго толькі… выпісаць іншае напраўленне – у першую лякарню. Добра, а на які дзень хоць (справа адбываецца ў аўторак)? На пятніцу з 13 да 14.

 

Атрымліваецца, што нават калі я зраблю ў пятніцу гэты здымак і атрымаю на рукі вынік, у паліклініку да хірурга патраплю не раней за панядзелак! Ну і навошта праз тыдзень мне той гіпс?

 

Няўжо чалавек з падазрэннем на пералом костак стапы (так запісана ў картачцы) мае чакаць на дапамогу тыдзень?..

 

Здымак 222.by