У доме інжынера Астроўскага будзе корпус шпіталя

|

У мінулым годзе дом быў перададзены абласному дзіцячаму шпіталю. Як паведаміў галоўны ўрач шпіталя Сяргей Таранцей, будынак прызначаны для адміністрацыйна-гаспадарчага корпуса. Пасля рэканструкцыі там будуць працаваць каля 30 чалавек (тэхнічны і гаспадарчы персанал, праграмісты, швея, абслугоўваючы персанал), а таксама размесціцца бібліятэка для пацыентаў, буфет, майстэрня і іншыя службовыя памяшканні. Новы корпус палепшыць умовы працы работнікаў, частка з якіх цяпер працуе на цокальным паверсе асноўнага будынка.

Лячэбны корпус рабіць там немэтазгодна, бо крытых пераходаў з галоўнага будынку шпіталя няма, пры халодным надвор’і хворыя дзеці туды на працэдуры шмат не паходзяць.

Будынак у большасці захавае свой былы выгляд. На сённяшні дзень з яго зняты дах, часткова адноўлена старая прыбудова з левага боку і часткова ўзведзена новая прыбудова з правага, якую добра відаць з боку вуліцы Пушкіна, разбураны ганак з боку вуліцы Астроўскага. Новая прыбудова надае будынку сіметрычны выгляд.

На падрыхтоўчым этапе “Гроднаграмадзянпраектам” было выяўлена, што будынак дастаткова зношаны. Аднак вырашылі не зносіць яго цалкам, а адбудоўваць новы на аснове старога. Будаўнікі распавялі, што гэты дом струхлелы, і, калі знялі падлогу, левая сцяна проста адлучылася ад будынка. Перагародкі ўнутры будынка часткова будуць разбурацца і замяняцца сучаснымі будматэрыяламі.

Рэканструкцыю выконвае “Трэст “Гроднагарбуд” па замове і пры кантролі аблвыканкама. Працы запланавана скончыць да вясны наступнага года.

Нагадаем, што дом быў пабудаваны ў стылі польскага канструктывізму з элементамі гістарыцызму для інжынера-чыгуначніка Астроўскага ў 1930-х гадах. У савецкі час у ім размяшчаўся дзіцячы садок Міністэрства ўнутраных спраў, пазней – інтэрнат аддзела адукацыі Ленінскага раёна, апошнім часам ён пуставаў. Будынак не мае статуса гістарычна-культурнай каштоўнасці.