Тэлефануйце, і да вашых суседзяў прыйдуць
Цягам месяца супрацоўнікі МНС і міліцыі будуць разам наведваць сацыяльна небяспечныя сем’і, грамадзян з групы рызыкі, самотных старых і сем’і, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.
Выратавальнікі спраўдзяць выкананне правіл супрацьпажарнай бяспекі, праваахоўнікі зоймуцца выяўленнем правапарушэнняў.
Калі ўмовы пражывання будуць прызнаныя нездавальняючымі, праваахоўнікі абяцаюць рэагаваць неадкладна, а калі ў небяспечных умовах знаходзяцца дзеці, іх, да выпраўлення сітуацыі, змесцяць у прытулак.
Асаблівую ўвагу ўдзельнікі рэйдаў звернуць на пустыя будынкі, у якіх збіраюцца аматары выпіць, паддашшы і падвалы, куды лёгка могуць трапіць староннія людзі.
Уласнікаў будынкаў прымусяць абмежаваць доступ у тэхнічныя памяшканні і закінутыя будынкі, асоб без пэўнага месца жыхарства накіруюць у Цэнтр часовага прабывання, хворых на алкагалізм – паставяць на ўлік альбо накіруюць на прымусовае лячэнне.
Неасцярожнае абыходжанне з агнём такіх “гасцей” пагражае не толькі іх уласнаму здароўю і жыццю, але і жыццю суседзяў.
Мэта акцыі, якая традыцыйна ладзіцца на Гарадзеншчыне напярэдадні зімы, – папярэджанне і зніжэнне колькасці правапарушэнняў, выпадкаў хатняга гвалту, пажараў і іншых небяспечных для жыцця людзей сітуацый.
Пра ўсе выпадкі небяспечнага суседства гарадзенцаў і жыхароў вобласці просяць паведамляць па тэлефонах “101”, “102”, “112”.
Ананімнасць гарантуецца.