У Гродне пройдуць слінга-флэш-моб, слінгашэсце і слінгаквэст
Распачне мерапрыемствы Тыдня ў Гродне Слінга-флэш-моб.
8 кастрычніка непадалёк ад пажарнай каланчы па вуліцы Замкавай будуць шпацыраваць слінгамамы з паветранымі балонікамі, напоўненымі геліем.
У 11.59 усе збіраюцца ля каланчы, слухаюць выступ трубача, пляскаюць у далоні, крычаць “брава”, “біс”, пускаюць балонікі ў неба і разыходзяцца.
9 кастрычніка адбудзецца Слінгашэсце.
А 12-ай гадзіне слінгамамы збяруцца ля фантана на Савецкай плошчы, адкуль пройдуць да моладзевага цэнтра.
У 12.35 ад моладзевага цэнтра ўсе пройдуцца да гандлёвага дома “Нёман”, адтуль – да помніка Леніну, а ў 13.25 – да месца традыцыйных сустрэч ля сцэны ў парку Жылібера.
13 кастрычніка пройдзе Сямейны квэст на тэму гісторыі Гародні, да ўдзелу ў якім запрашаюцца сем’і (каманды) ад 2 ад 5 чалавек (максімум 3 дарослых) разам са сваякамі і сябрамі ў слінгах альбо з каляскамі.
Гульня пачнецца ў 11.00 і разлічана на паўтары гадзіны.
Падрабязна пра мерапрыемствы Тыдня слінганашэння ў Гродне і магчымасці ўдзелу ў іх можна даведацца на сайце дзяцей і бацькоў Гродна.
Мэта Тыдня – папулярызацыя нашэння дзяцей на руках і ў слінгах, якое лічыцца натуральным і карысным для здароўя маці і дзіцяці.