Топ-5 помнікаў-фантомаў Гродна
Можна налічыць з дзясятак помнікаў, якія ў той ці іншы час стаялі на вуліцах і плошчах Гродна. Гэта і шэраг ленінаў са сталінамі, і помнік Сталыпіну, і знакамітая стэла Свабоды… Пра іх пішуць гісторыкі, узгадваюць краязнаўцы, іх выявы абмяркоўваюцца на форумах.
Аднак за кожным з іх стаяла кіруючая на той момант ідэалогія (расійская, польская ці камуністычная), а вось жыхароў рэдка хто пытаўся аб іх меркаванні пра чарговага “куміра”.
У нечым нават больш цікавымі падаюцца праекты помнікаў, якія хацелі бачыць самі гарадзенцы, але з пэўных прычын – так і не атрымалі. Не забягаючы далёка назад, разгледзім некалькі прыкладаў за апошнія год 20-25.
1. Помнік Максіму Багдановічу. Бюст паэта, які правёў у Гродне першыя гады свайго жыцця, меў паўстаць да ягонага 100-гадовага юбілею, то бок у 1991 г. Пра такое рашэнне ўладаў “Гродзенская праўда” паведамляла ў 1990 г., друкуючы на сваіх старонках таксама магчымыя варыянты размяшчэння помніка (на фота злева).
Наступным разам пра помнік узгадалі ўжо бліжэй да 120-гадовага юбілею класіка. У 2011 гарвыканкамам быў праведзены конкурс праектаў, але ніводзін з іх не быў зацверджаны, бо “…не змог выразіць глыбіню творчай асобы класіка беларускай літаратуры”. Конкурс працягнулі да вясны.
Да справы далучыўся нават міністр культуры Павел Латушка, які на пачатку 2012 знаходзіўся з візітам у Гродне. Быў абраны праект і месца (парк Жылібера), для збору ахвяраванняў на помнік створаны адмысловы рахунак, але…
Помнік Багдановічу дагэтуль мае, напрыклад, Ялта, а Гродна усё яшчэ чакае. Мажліва 150-годдзя?
Зацверджаны варыянт помніка Багдановічу ў парку Жылібера (з сайта гарвыканкама)
2. Помнік Кастусю Каліноўскаму. Правадыра паўстанцаў 1863 г. гарадскія ўлады пагадзіліся ўвекавечыць на хвалі “перабудовы”: згодна рашэнню ад 19 кастрычніка 1989 г. пад помнік была вылучаная пляцоўка на вул. Савецкай, як сказалі б зараз, насупраць галерэі “Крыга”. Прыкладна ў 50 метрах ад гэтага месца Каліноўскі спыняўся на канспіратыўнай кватэры (вул. Савецкая, 7), дзе меркавалася ўсталяваць памятную шыльду. Збіраліся грошы, абгаворваліся праекты, аднак з помнікам спазніліся – неўзабаве прыйшлі “іншыя часы”…
Помнік Каліноўскаму на вул. Савецкай вачыма гарадзенскай мастачкі, вясна 2012. На здымку ніжэй: маладафронтаўскі пікет за помнік Каліноўскаму – 2001 (фота – архіў МФ)
Ужо на грамадскім узроўні тэму помніка Каліноўскаму падымаў гарадзенскі “Малады Фронт” ды іншыя арганізацыі з дапамогай пікетаў, збораў подпісаў, зваротаў, адмысловых буклетаў, у 2012 адмыслова нават ладзіўся канцэрт, забаронены ўладамі… Але забаронены плод, як кажуць, саладзейшы: у нейкім сэнсе забарона толькі паспрыяла папулярызацыі тэмы паўстання 1863 у рэгіёне.
3. Скульптура з аленем св. Губерта. Вядомы кожнаму гарадзенцу, хаця б з гербу горада, алень св. Губерта нядаўна таксама меў увасобіцца ў скульптурную кампазіцыю. Стэла з аленем мела паўстаць на прывакзальнай плошчы. Яе праект, распрацаваны мінскімі скульптарамі, быў зацверджаны амаль год таму – на пачатку лістапада 2012.
Праект тады спадабаўся не ўсім: “…Вельмі саўкова і правінцыйна выглядае. Так і просіцца на гару замест аленя шыльда: 60 лет СССР” альбо “…Нагадвае слуп ля дарогі, быццам нейкі калгас наперадзе!” – такія рэплікі можна было прачытаць у сацсетках. Аднак, шмат хто глядзеў на пытанне па-іншаму: “Лепш так, чым нічога”.
Зрэшты, а ці было чым пераймацца? Прайшоў год, рамонт вакзала амаль скончаны, а згадкі пра помнік засталіся далёка ў ленце фэйсбука альбо ў архівах вэб-старонак.
4. Памятны знак на месцы Фары Вітаўта. Ідэя паставіць памятны знак на месцы ўзарванай бальшавікамі ў 1961 г. Фары Вітаўта, віруе ў галовах гарадзенцаў хіба столькі ж часу, колькі ідэя аднаўлення храма. У 1990-2000-х у скверы праводзіліся жалобныя акцыі, на Дзяды гарадзенцы прыносілі ў сквер знічкі, а некалькі разоў нават усталёўвалі крыжы, якія пасля прыбіралі “умоўна невядомыя асобы”.
Праект знаку на месцы Фары Вітаўта скульптара Сяргея Більдзюка
Прапанаваны помнік гэтым разам мае паўстаць на месцы Фары нібыта ў 2014 г. Між іншым, некаторыя адразу былі занепакоеныя тым, што ўсталяваны знак можа паставіць кропку ў пытанні аб аднаўленні храма, нават у далёкай перспектыве, і будзе ўсяго толькі “адмываннем грошаў”.
Міжканфесійныя дыскусіі выклікала таксама форма крыжа, выкарыстаная аўтарам Сяргеем Більдзюком. Зрэшты, васьміканцовы крыж, як і Фара Вітаўта, выкарыстоўваўся ў розныя часы як католікамі, так і праваслаўнымі і шырока вядомы ў беларускай традыцыі.
Як і ў выпадку з аленем на вакзале – час пакажа, ці было аб чым дыскутаваць.
5. Помнік Станіславу Булак-Балаховічу. Апошні прыклад мажліва падасца кур’ёзным, але адначасна па-свойму характэрным. У лістападзе 2010 г. актывісты гарадзенскага “Маладога Фронту” “перайменавалі” помнік Чапаеву па вул. Васілька ў помнік генералу Балаховічу, кіруючыся хіба знешнім падабенствам вайскоўцаў. Шыльда з прозвішчам і гадамі жыцця генерала БНР нават правісела некалькі дзён.
”Помнік” Балаховічу з’явіўся ў Гродна на некалькі дзён у 2010 (фота – НН)
Як вядома, бюст Чапаева, які сам ніколі не быў ані ў Гродне, ані ў Беларусі, патрапіў у горад выпадкова: быў дадзены ў нагрузку разам з будаўнічымі матэрыяламі з нейкага ўкраінскага будкамбінату. Балаховіч, трэба прызнаць, пакінуў след у вайсковай гісторыі Беларусі ды і ў Гродне бываў неаднойчы.
Такім чынам моладзь у 2010-м з гумарам нагадала аб дзясятках помнікаў савецкай эпохі, якія ўжо нічога не значаць у вачах гарадзенцаў і маюць у перспектыве саступіць месца сапраўдным нацыянальным героям.
Усе вышэйапісаныя праекты, зацверджаныя ці незацверджаныя, афіцыйныя і не вельмі, дагэтуль, па вялікім рахунку, вісяць у паветры. Вопыт паказвае, што нават афіцыйны дазвол, спрыянне згары і збор сродкаў яшчэ ні аб чым не кажа, не кажучы ўжо пра бурныя дыскусіі на старонках прэсы.
Сумна канстатаваць, але за часы незалежнасці ў Гродне з’явіўся толькі адзін маштабны помнік – памежнікам, выкананы ў лепшых савецкіх традыцыях (такі самы мог бы паўстаць і 30, і 40 год таму…). Пры гэтым аніводнага сапраўднага помніка (паркавыя скульптуры ў разлік не бярэм), які б казаў пра гісторыю і самабытнасць горада, пра тых, хто за гэтую незалежнасць змагаўся, горад так і не дачакаўся.
У канцы – візуалізацыя магчымага помніка Стэфану Баторыю ў Гродне. У ролі помніка каралю – помнік Адаму Міцкевічу ў Кракаве. Адфоташоплена Мечыславам Супронам
Чытайце таксама:
|
||